Беларус Максім (цяпер жыве ў Літве, нарадзіўся ў Сьветлагорску) накіраваў электронныя звароты ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі і Мінабароны, піша Zerkalo.io. Ён запатрабаваў:
- выказаць афіцыйную пазыцыю ўладаў наконт заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі;
- не дапусьціць захоўваньня і разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі;
- прыняць прававыя нормы, якія захоўваюць статус Беларусі як дзяржавы безь ядзернай зброі (гэта было ў адрас парлямэнту).
Да пачатку чэрвеня Максім атрымаў усе адказы, якія апублікаваў у сваім Facebook.
У Палаце прадстаўнікоў адзначылі, што разьмяшчэньне ядзернай зброі стала прамым наступствам зьмены Канстытуцыі на рэфэрэндуме 27 лютага 2022 году, калі зь яе прыбралі норму аб імкненьні краіны да статусу бязьядзернай зоны.
Паводле кіраўніка камісіі нацыянальнай бяспекі, дэпутата Алега Белаконева, прычына нібыта ў тым, што ў Беларусі цяпер працуе АЭС, значыць, палажэньне аб бязьядзернай зоне страціла сэнс. Таму замест гэтага напісалі, што «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненьні да іншых дзяржаў».
Белаконеў не патлумачыў, што апраўдвае разьмяшчэньне ў Беларусі ядзернай зброі. У канцы ліста ён дадаў, што выказваньне афіцыйнай пазыцыі ўладаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю Палаты прадстаўнікоў.
У лісьце Савету Рэспублікі, падпісаным начальнікам сакратарыята Міхаілам Гурыновічам, таксама адмовіліся выказваць пазыцыю ўладаў і нагадалі, што пасьля выпраўленьня Канстытуцыі Беларусь перастала быць бязьядзернай зонай, і выправіць гэта можна толькі новым рэфэрэндумам. Пры гэтым у адказе напісалі, што, у адпаведнасьці з Ваеннай дактрынай 2016 году, «Беларусь для захаваньня сваёй ваеннай бясьпекі і ўзброенай абароны мае права прымяніць ваенную арганізацыю дзяржавы, іншыя неабходныя сілы і сродкі, а таксама прыняць дапамогу іншых дзяржаў у адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі».
У Міністэрстве абароны заявілі наступнае:
«Кіраўніцтвам міністэрства пытаньні разьмяшчэньня ўказанага віду ўзбраеньня на тэрыторыі Беларусі неаднаразова асьвятляліся ў СМІ. Службовымі асобамі дзяржавы дадзены разгорнутыя камэнтары па ўказаных пытаньнях».
Падпісаў ліст начальнік Генштаба Віктар Гулевіч.
Аўтар звароту Максім зазначыў, што «пытаньне знаходжаньня ядзернай зброі ў дзяржаве, не павінна вырашацца без уліку думкі грамадзтва». Ён заклікаў беларусаў накіроўваць уладам падобныя звароты.
«Калі ў вас раней былі здагадкі, навошта Лукашэнку той рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю, то цяпер ёсьць афіцыйны адказ: каб мець магчымасьць вярнуць ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і трактаваць закон так, як хочацца рэжыму», — лічыць Максім.
Нядаўна дэпутатка Менскага гарсавету і стваральніца ініцыятывы «Гэта наш горад» Вольга Цесакова стварыла пэтыцыю з патрабаваньнем не дапусьціць захоўваньня і разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Падпісаць яе можна да 10 чэрвеня. Цесакова зьехала зь Беларусі ў 2022 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск спальвае апошнія масты. Ядзерная зброя як пастка для Лукашэнкі- 25 траўня міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу падпісалі ў Менску дакумэнты, якія вызначаюць «парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спэцыяльным сховішчы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
- Расея, разьмяшчаючы ў Беларусі тактычную ядзерную зброю, «не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёй і рашэньне аб прымяненьні застаецца за Масквой», — заявіў кіраўнік Мінабароны РФ.
- Аляксандар Лукашэнка, адказваючы ў гэты дзень у Маскве на пытаньні журналістаў, заявіў, што перамяшчэньне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося.
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.