У справаздачы Міністэрства дыяспары аб ацэнцы антысэмітызму за 2021 год Вадзім Гігін згадваецца як чалавек, які спрыяў зьнішчэньню габрэйскай памяці, падкрэсьлілі ў МЗС Ізраіля.
У МЗС Ізраіля адзначылі, што падстаў для для прызначэньня такой асобы, як Вадзім Гігін, на пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі няма:
«У сьвятле яго антысэміцкіх заяў і адмаўленьні Галакосту з розных нагодаў у мінулым, у справаздачы Міністэрства дыяспары аб ацэнцы антысэмітызму за 2021 год Вадзім Гігін згадваецца як чалавек, які спрыяў зьнішчэньню габрэйскай памяці, якая зьяўляецца неад’емнай часткай памяці аб Галакосьце», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Ізраіля Ліёра Хаята.
Хто такі Вадзім Гігін
- Вадзім Гігін — былы дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, старшыня праўленьня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства „Веды“».
- Быў галоўным рэдактарам праўладнага часопісу «Беларуская думка».
- Вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй, заклікамі да падтрымкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Шматразова наведваў Маскву дзеля ўдзелу ў прапагандысцкім шоў Уладзіміра Салаўёва.
- На тэлевізіі Гігін неаднаразова казаў аб тым, што Ўкраіна рыхтавала ў Беларусі тэракты і правакацыі, але не прывёў ніякіх доказаў сваім словам. Таксама прапагандыст прапаноўваў беларусам, якія абураюцца, што ня могуць за мяжой паўдзельнічаць у галасаваньні, прыехаць на радзіму. «Прыяжджай у Беларусь і галасуй. Ну можа затрымаесься на 3-5 гадоў», — жартаваў ён, намякаючы на крымінальны перасьлед.
- Летась 20 кастрычніка Ўкраіна ўвяла супраць Гігіна пэрсанальныя санкцыі.