Супрацоўнікі чачэнскай дывізіі «Ахмат» атрымалі новыя машыны нібыта для ўдзелу ў вайне супраць Украіны — сярод іх ёсьць восем кітайскіх Shaanxi Tiger 4×4. Да гэтага Кітай неаднаразова адмаўляў вайсковыя пастаўкі ў Расею.
Відэа з новым абсталяваньнем зьявілася ў тэлеграм-канале кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава 7 чэрвеня. Са сваім атачэньнем ён ехаў за рулём аднаго з браневікоў і заявіў, што гэта «найлепшая машына», якую ніводная куля «ня ловіць». Такія ж браняваныя транспартныя сродкі знаходзяцца ў каталёгу вытворцы — кампаніі Shaanxi Baoji Special Vehicles Manufacturing. Яна мае сядзібу ў горадзе Баоцзі ў кітайскай правінцыі Шэньсі.
Тое, што Кітай пастаўляе ў Расею абсталяваньне для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, неаднаразова паведамлялі заходнія мэдыя.
- Яшчэ ў сакавіку сёлета амэрыканскі тэлеканал CNN на аснове мытных запісаў паведаміў, што пасьля пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кітайскія дзяржаўныя прадпрыемствы абароннага комплексу працягнулі падтрымліваць актыўныя гандлёвыя адносіны з расейскімі абароннымі кампаніямі, якія трапілі пад заходнія санкцыі.
- Амэрыканскае выданьне Politico пісала, што кітайскія кампаніі паставілі ў Расею тысячу штурмавых вінтовак, якія можна выкарыстоўваць на вайне, а таксама іншае абсталяваньне, у тым ліку дэталі для дронаў і бронекамізэлькі.
- У траўні брытанскае выданьне Financial Times паведаміла, што ў канцы мінулага году ПВК «Вагнэр» праз кампанію-пасярэдніка закупіла ў Кітаі 20 тысячаў шлемаў.
- Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Кітай дае Расеі нелетальную вайсковую дапамогу, а таксама разглядае магчымасьць паставак зброі.
- Пры гэтым Кітай неаднаразова сьцьвярджаў, што краіна прытрымліваецца нэўтралітэту і не прадае зброю ў зоны канфлікту. У прыватнасьці, у красавіку кіраўнік кітайскага МЗС Цінь Ган заявіў, што Кітай не пастаўляе і ня будзе пастаўляць зброю ні Расеі, ні Ўкраіне.