Міністэрства замежных спраў Украіны і прадстаўніцтва ААН ва Ўкраіне ўзгаднілі ўзаемадзеяньне для ратаваньня грамадзян зь левабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці, якую кантралюе Расея.
Як паведамілі ў МЗС Украіны, маштабы гуманітарнай катастрофы і руйнаваньняў патрабуюць больш якаснага рэагаваньня з боку ААН.
Па выніках сустрэч міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба і каардынатарка ААН ва Ўкраіне Дэніз Браўн дамовіліся, што ААН неадкладна павялічыць аб’ём дапамогі і накіруе дадатковыя сілы ў Херсонскую вобласьць і іншыя пацярпелыя рэгіёны Ўкраіны.
Бакі дамовіліся, што ААН тэрмінова сфармуе ў Запарожжы і Херсоне групы, якія накіруюцца на пацярпелыя акупаваныя тэрыторыі Левабярэжжа для наданьня гуманітарнай дапамогі і эвакуацыі людзей пры ўмове гарантыі бясьпечнага праезду ў акупаваныя населеныя пункты з падкантрольнай Украіне тэрыторыі.
Цяпер ААН чакае адпаведных гарантый з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заклікаў Чырвоны Крыж тэрмінова далучыцца да ратавальнай апэрацыі на акупаванай частцы Херсоншчыны7 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да ратаваньня людзей.
«Нашыя вайскоўцы і спэцслужбы настолькі, наколькі гэта магчыма, нягледзячы на абстрэлы, ратуюць людзей. Але патрэбны маштабныя высілкі. Трэба, каб міжнародныя арганізацыі, такія як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, тэрмінова далучыліся да ратавальнай апэрацыі і дапамаглі людзям менавіта на акупаванай частцы Херсоншчыны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
8 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў Херсон і Мікалаеўскую вобласьць. Там ён правёў каардынацыйную нараду аб ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы і наведаў пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый Херсоншчыны.
У выніку зьнішчэньня Кахоўскай дамбы затапіла 20 населеных пунктаў Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей на падкантрольнай Украіне тэрыторыі. З гэтых тэрыторый змаглі эвакуаваць пакуль што толькі 2198 грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі прыбыў на пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый ХерсоншчыныСытуацыя на левым беразе Дняпра, які кантралююць расейскія акупацыйныя ўлады, горшая. Там некалькі населеных пунктаў цалкам апынуліся пад вадой, людзі ратуюцца на дахах. Пазьней акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў Кахоўцы загінулі 5 грамадзян і 71 жыхар шпіталізаваны, а ў Алешках загінулі тры. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці допуску незалежных журналістаў на месца падзеі немагчыма.
Каб зьнізіць нагрузку на Кахоўскае вадасховішча, ва Ўкраіне вымушаны зьнізіць магутнасьць вытворчасьці ўсіх гідраэлектрастанцый. Грамадзян заклікаюць не выкарыстоўваць электраэнэргію ўвечары і ў пікавыя гадзіны, а таксама эканоміць пітную ваду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнішчэньне Кахоўскай дамбы: вэрсіі і наступствы для экалёгіі, энэргетыкі і эканомікі Ўкраіны