Прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай паведаміла пра размову і працытавала палітыка:
«Вызваліць Беларусь мы можам толькі разам. Нам трэба размаўляць і аб’ядноўвацца. Кожны працуе ў сваім кірунку. Каліноўцы сёньня змагаюцца ня толькі за Ўкраіну, але і за свабодную Беларусь. Мы падтрымліваем іх працу і ўсіх тых, хто працягвае барацьбу», — адзначыла Ціханоўская.
Паводле Ціханоўскай, яна падзякавала добраахвотнікам «за іх гераізм»: «У нас супольная мэта — свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні.
У тэлеграм-канале палку Каліноўскага апублікавалі скрыншоты запісу сустрэчы і паведамленьне пад загалоўкам «Беларусь можна вызваліць толькі сілавым шляхам!», у якім гаворыцца пра тое, што байцы палку «данесьлі сваю пазыцыю Сьвятлане Ціханоўскай». Падрабязнасьцяў гутаркі ў палку не паведамілі.
Як паведамілі «Зеркалу» ў падразьдзяленьні, сустрэча была азнаямленчая, «з пэрспэктывай на будучыню». У ёй удзельнічаў таксама дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка. «У грамадзтве патрэбная кансалідацыя ўсіх людзей, што прагнуць свабоды Беларусі», — адзначылі ў падразьдзяленьні.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары BPN не ўдакладніў, па чыёй ініцыятыве адбылася сустрэча, спаслаўшыся на тое, што бакі дамовіліся не раскрываць яе дэталі, і заявіў, што гэта была «нармальная канструктыўная сустрэча»:
«Будзем супрацоўнічаць. Там розныя людзі, з рознымі поглядамі, але вялікім жаданьнем дзейнічаць. Гэта самае галоўнае», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага — адзіны беларускі сьпікер, якога чуюць ва Ўкраіне, — украінскі публіцыст Зуб’юк- Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазьней быў сфармаваны трэці — «Літвін». У далейшым «Тэрор» стаў асобным падразьдзяленьнем УСУ па-за складам палку Каліноўскага.
- У Беларусі па факце стварэньня палку Каліноўскага распачатая крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў летась 20 лістапада заявіў пра вызначэньне амаль 160 беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне.