Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, дачку Тацяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, накіравалі на ўтрыманьне ў дзіцячы шпіталь — так робяць у тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў.
Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманьне адбылося ў межах крымінальнай справы. Але пакуль невядома, у якой справе затрымалі Тацяну Пыцько: ці ў той самай, якая тычыцца яе мужа, ці іншай.
Відэаапэратара-фрылансэра Вячаслава Лазарава вінавацяць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за сувязь зь недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Ужо 4 месяцы Лазарава трымаюць у віцебскім СІЗА-2. Сябры адзначаюць, што ёсьць праблемы зь ліставаньнем: доўгі час ад Вячаслава няма ніякіх зьвестак. Таму невядома, на якім этапе цяпер расьсьледаваньне ягонай справы і ці хутка яна трапіць у суд. Маці мела адзінае спатканьне зь ім неўзабаве пасьля затрыманьня. Больш спатканьняў ёй не дазваляюць.
Вячаслаў Лазараў ня мае адваката. Цяпер гэта звыклая сытуацыя для ўсёй Беларусі: абаронцы асьцерагаюцца займацца справамі «палітычных», каб ня страціць працу.
У распараджэньні сьледзтва знаходзіцца аргтэхніка Вячаслава Лазарава. У дзень затрыманьня сёлета 9 лютага па месцы ягонай рэгістрацыі міліцыянты правялі ператрус: забралі мабільныя тэлефоны, відэакамэру і іншую апаратуру. Таксама ператрус сілавікі правялі па месцы жыхарства ягонай жонкі Тацяны Пыцько, якая жыла асобна. З кватэры Тацяны забралі ноўтбук і два тэлефоны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Віцебску затрымалі некалькіх журналістаў, адзін зь іх бачыў у ізалятары каля 200 затрыманыхУ 2018 і ў 2019 годзе Вячаслава Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Падчас жнівеньскіх падзеяў 2020 году Лазарава затрымлівалі за фатаграфаваньне аўтазакаў, але тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без складаньня пратаколу.
Тацяну Пыцько таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці: у 2020 годзе яе аштрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».