Памілаваную Аляксандрам Лукашэнкам Софʼю Сапегу перадалі 7 чэрвеня дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальвае губэрнатар Алег Кажамяка, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Паводле нашага звароту ўчора Аляксандар Рыгоравіч падпісаў указ аб памілаваньні. Думаю, што такі крок мае і для цябе значэньне», — сказаў Сапезе Алег Кажамяка.
Соф'я Сапега на прапанову губэрнатара Кажамякі на камэру падзякавала «Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за магчымасьць зноў пабачыць сваю сям'ю і вярнуцца дахаты».
Адвакат Соф'і Сапегі Антон Гашынскі сказаў «Зеркалу», што кіраўнік Прыморскага краю Алег Кажамяка асабіста зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні Сапегі. Па словах Гашынскага, усё вырашылася літаральна за тыдзень. Пакуль адвакат Сапегі не размаўляў зь ёй асабіста.
- Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусова пасадзілі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
- У Беларусі Соф'ю Сапегу абвінавацілі ў адміністраваньні тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў, і асудзілі на 6 гадоў калёніі паводле двух артыкулаў — часткі 3 артыкула 130 КК («Распальваньне варожасьці і звады») і часткі 1 артыкула 179 («Незаконнае зьбіраньне інфармацыі аб прыватным жыцьці»).
- 14 красавіка Генпракуратура задаволіла хадайніцтва Софʼі Сапегі аб перадачы яе ў Расею для адбыцьця пакараньня.
- Першапачаткова адвакаты Сапегі прасілі перанесьці разгляд справы з суду Масквы ва Ўладзівасток на 1 ліпеня, каб пракуратура «змагла азнаёміцца з хадайніцтвамі абароны». Аднак з даведкі МУС высьветлілася, што з кастрычніка 2012 году Софʼя зарэгістраваная ў Смаленску, піша «Медиазона». Таму разгляд хадайніцтва вырашылі перанесьці ў Прамысловы раённы суд Смаленску. Дату суду не паведамлялі.
- Летась у жніўні Соф'ю Сапегу пазбавілі дазволу на жыхарства ў Беларусі, акрамя таго, ёй адмовілі ў памілаваньні.
- 3 траўня Менскі абласны суд прысудзіў Пратасевічу 8 гадоў калёніі. 22 траўня яго памілаваў Лукашэнка.