Арына Сабаленка перамагла ўкраінку і ўпершыню за кар’еру прабілася ў паўфінал «Ралян Гарос»

Арына Сабаленка. Архіўнае фота.

Арганізатары тэніснага турніру абараняюць Арыну Сабаленку ад нязручных для яе пытаньняў пра Лукашэнку і вайну.

Другая ракетка сьвету беларуска Арына Сабаленка 6 чэрвеня перайграла ўкраінку Эліну Сьвітоліну ў чвэрцьфінальным матчы Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе, які праходзіць на грунтавых кортах Парыжа, такая інфармацыя зьмешчана на сайце турніру.

Сустрэча паміж Сабаленкай і Сьвітолінай, якія займаюць адпаведна 2-е і 192-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), завяршылася зь лікам 6:4, 6:4 на карысьць 25-гадовай беларускі. Суперніцы правялі на корце 1 гадзіну 36 хвілін.

Сьвітоліна, якая ўзяла ўдзел у першым са студзеня 2022 году турніры Вялікага шлема, чацьвёрты раз завяршыла выступленьне на «Ралян Гарос» на чвэрцьфінальнай стадыі. Яна прапусьціла каля году з прычыны цяжарнасьці.

За выхад у фінал другога ў сэзоне турніру Вялікага шлема Сабаленка паспрачаецца з чэшкай Кацярынай Мухавай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары «Ралан Гарос» абараняюць Арыну Сабаленку ад пытаньняў пра Лукашэнку і вайну

Сабаленка ў Парыжы хаваецца ад увагі журналістаў

Раней паведамлялася, што пасьля трэцяга раўнду спаборніцтваў беларуска Арына Сабаленка не прыйшла на агульную прэс-канфэрэнцыю для ўдзельнікаў. Але неўзабаве склікала прэс-канфэрэнцыю для «выбраных» журналістаў.

Сваю адсутнасьць на агульнай сустрэчы Сабаленка патлумачыла дыскамфортам, які адчувае, кепскім мэнтальным станам. Журналісты, аднак, заўважылі, што адбылося гэта пасьля таго, як украінская журналістка Дар’я Мешчаракова спытала ў Арыны Сабаленкі пра падтрымку дыктатуры на радзіме і расейскай вайны супраць Украіны. На абодва пытаньні тэнісістка адказала аднолькава: «У мяне няма для вас камэнтароў».

Арына Сабаленка ў 2020 годзе пасьля пачатку пратэстаў падпісала ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся фразамі, што яна «супраць вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэнісістка Арына Сабаленка: «Калі б я магла спыніць гэтую вайну, я б гэта зрабіла»