Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу разглядае Сяргей Хрыпач, дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівае Максім Чупрыс.
6 чэрвеня пракурор Максім Чупрыс запрасіў 25 гадоў калёніі для экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева, паведамляе «Вясна». Яго абвясьцілі ў міжнародны вышук і судзяць завочна ў рамках так званага спэцыяльнага вядзеньня.
Як паведамляе «Мінская праўда», пракурор запрасіў наступныя тэрміны для фігурантаў справы:
- Вадзіму Пракоп’еву — 25 гадоў узмоцненага рэжыму, зь іх 5 гадоў турмы, плюс 37 000 рублёў штрафу (тысяча базавых велічынь),
- Сяргею Лісоўскаму і Паўлу Чамякіну абвінаваўца запрасіў па 20 гадоў,
- Уладзімеру Савянкову — 17 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Дзянісу Хаміцэвічу — 16 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Сяргею Сакалову — 14 гадоў узмоцненага рэжыму і штраф у 25,9 тысячы беларускіх рублёў,
- Дзьмітрыю Невяркевічу — 11 гадоў узмоцненага рэжыму і штраф у 111 тысяч беларускіх рублёў,
- Вользе Петух — 13 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Мікалаю Рою — 12 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Паўлу Чыхінскаму і Дзянісу Філончыку — 9 гадоў узмоцненага рэжыму,
- Пятру Юркевічу — 9 гадоў агульнага рэжыму.
Па справе праходзяць 18 абвінавачаных, зь якіх 15 пад вартай. Сярод іх — шмат былых сілавікоў, таму пракурор прапаноўвае пазбавіць іх усіх воінскіх званьняў.
Падсудным ставяць у віну 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, тэкст абвінавачаньня займае 136 старонак. У розным спалучэньні фігурантам справы інкрымінавалі падрыхтоўку да акту тэрарызму, замах на яго, а таксама ўчыненьне акту тэрарызму; незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі; незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, у тым ліку дапамогу ў такіх дзеяньнях.
Таксама ім ставяць у віну незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі; замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; падрыхтоўку да акту тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, кіраваньне ім, удзел у ім; падрыхтоўку да гвалту і пагрозы яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку падбухторваньне да яго; актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Гайдукевіч сьцьвярджаў, што невядомыя кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата. Справу будзе разглядаць судзьдзя Сяргей Хрыпач, вядомы сваім удзелам у перасьледзе апанэнтаў Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за спробу падпалу дома Гайдукевіча завочна судзяць Пракопʼева. Усяго ў справе 18 падсудныхКаго судзяць
Сярод падсудных — сям’я Вайцяховічаў (4 чалавекі), Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, якіх утрымліваюць пад вартай, Аляксей Міхайлаў, Дзьмітры Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Мікалай Рой, Уладзімер Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павал Чыхінскі і Пётра Юркевіч.
Завочна судзяць экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп’ева і двух былых сілавікоў, Ігара Чамякіна і Дзяніса Хаміцэвіча, — на іх распачалі так званае спэцыяльнае вядзеньне. Пракопʼеў, Хаміцэвіч і Чамякін абвешчаныя ў міжнародны вышук.
Вадзім Пракопʼеў — 51-гадовы былы менскі рэстаратар, цяпер грамадзкі дзеяч, палітык і блогер. Адзін з арганізатараў палку «Пагоня».
Дзевяць чалавек у «сьпісе тэрарыстаў»
23 сьнежня 2022 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракопʼеў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімер Савянкоў, Сяргей Сакалоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць «групы Пракоп’ева» выставілі больш за тузін абвінавачаньняў. БелТА агучыла дэталі