На канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі «Дыялёг Шангры-Ла» ў Сынгапуры Лі Шанфу сказаў, што, нягледзячы на ўсе адрозьненьні сыстэм ЗША і Кітаю, яны павінны шукаць агульныя інтарэсы і падставы для супрацоўніцтва. У той жа час Лі абвінаваціў ЗША і іх саюзьнікаў у спробах дэстабілізаваць абстаноўку ў ціхаакіянскім рэгіёне.
Міністар згадаў, што раніцай у нядзелю кітайскі вайсковы карабель ледзь не сутыкнуўся з амэрыканскім, які браў удзел у сумесных з Канадай вучэньнях у Тайваньскай пратоцы. Лі Шанфу назваў вайсковую прысутнасьць ЗША і Канады ў гэтых водах правакацыяй і заявіў, што калі ЗША ня хочуць абвастрэньня канфлікту, яны павінны вывесьці свае ваенныя судны з зоны інтарэсаў Кітаю.
Гэта быў першы буйны выступ Лі Шанфу ад пачатку яго працы на пасадзе міністра абароны ў сакавіку. Усяго некалькі дзён таму ён адмовіўся сустракацца са сваім амэрыканскім калегам Лойдам Остынам для прамых перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмысловы прадстаўнік КНР: Украіне і Расеі складана пачаць перамовы, канфлікт зайшоў у тупікЛойд Остын, выступаючы на той самай сынгапурскай канфэрэнцыі ў суботу, заявіў, што калі Кітай пачне ваенныя дзеяньні супраць Тайваню, гэта стане катастрофай для сусьветнай эканомікі.
Остын сказаў, што ня лічыць канфлікт непазьбежным. На ягоную думку, увесь сьвет зацікаўлены ў бясьпецы суднаходзтва ў Тайваньскай пратоцы, і вайна там паставіла б пад пагрозу ўвесь сусьветны гандаль. «Для адказных лідэраў, прыдатны час для дыялогу гэта любы момант, — заявіў Остын, — Гэты момант — цяпер». Остын назваў дыялёг «неабходнасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У цяперашніх межах Расея заўсёды будзе агрэсарам», — украінскі філёзаф Аляксей Паніч- КНР лічыць Тайвань часткай сваёй тэрыторыі, называючы востраў «мяцежнай правінцыяй», якая адкалолася ў 1949 годзе. Кампартыя Кітаю і старшыня КНР Сі Цзіньпін аб’явілі «абʼяднаньне з Тайванем» сваёй «гістарычнай місіяй», якую яны маюць намер выканаць — нават з выкарыстаньнем ваеннай сілы пры неабходнасьці.
- Злучаныя Штаты не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краін ААН, але выступаюць рэзка супраць пагроз Кітаю сілай далучыць востраў. Згодна з заканадаўствам, Вашынгтон можа аказваць тэрыторыі ваенную дапамогу.
- Ці Шанфу быў прызначаны міністрам абароны Кітая ў сакавіку. З 2018 года ён знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за ўдзел у закупках зьнішчальнікаў Су-35 і ракетных сыстэм у расейскай дзяржаўнай кампаніі «Рособоронэкспорт».
- Краіны Захаду выказваюць засьцярогі, што Кітай можа пачаць пастаўкі Расеі зброі для вайны ва Ўкраіне, аднак прамых доказаў такіх паставак няма. У траўні прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі, што ЭЗ можа ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да некалькіх кітайскіх кампаній за пастаўкі ў Расею электронікі, якая можа выкарыстоўвацца ў вытворчасьці ўзбраеньняў. Брытанскае выданьне Financial Times паведамляла, што расейская прыватная вайсковая кампанія «Вагнер» купляе ў Кітаі экіпіроўку.