У Расеі на акцыях у падтрымку Навальнага затрымалі каля 90 чалавек. Навальны з турмы перадаў прывітаньне палітвязьням Беларусі

На акцыі ў падтрымку Навальнага ў Санкт-Пецярбургу

У Расеі на акцыях у падтрымку апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага затрымалі як найменей 90 чалавек, падлічыў праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Паводле зьвестак праекту, мінімум чацьвёра з затрыманых непаўналетнія, сярод затрыманых адзін журналіст.

«Паветраныя шарыкі, надпісы на асфальце і іншыя абсурдныя абставіны становяцца сёньня падставамі для затрыманьняў», — адзначаюць праваабаронцы, указваючы, што публікуюць толькі імёны тых людзей, пра затрыманьне якіх ім дакладна вядома. Насамрэч затрыманьняў можа быць больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У цяперашніх межах Расея заўсёды будзе агрэсарам», — украінскі філёзаф Аляксей Паніч

Аляксею Навальнаму, які сядзіць у калёніі ва Ўладзімірскай вобласьці Расеі, 4 чэрвеня споўнілася 47 гадоў. Яго прыхільнікі раней анансавалі сусьветную акцыю ў яго падтрымку ў дзясятках гарадоў па ўсім сьвеце.

Пры гэтым частка палітолягаў і грамадзкіх дзеячаў, а таксама некаторыя з прыхільнікаў Навальнага папярэджвалі людзей, якія жывуць у Расеі, што для іх выхад на вуліцу можа абярнуцца крымінальнай або адміністрацыйнай справай.

У допісе, які апублікавалі ў дзень народзінаў у Тэлеграм-канале Навальнага, ён перадае прывітаньне «ўсім палітвязьням Расеі, Беларусі і іншых краін. Большасьці зь іх значна цяжэй, чым мне. Я думаю пра іх увесь час. Іх стойкасьць натхняе мяне кожны дзень».