Першы этап праверкі сховішчаў у Кіеве пасьля даручэньня Зяленскага паказаў непрыдатнасьць 44% аб’ектаў

Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны пасьля сэрыі нападаў дронамі на Кіеў даручыў разабрацца са станам сховішчаў.

Праблема абвастрылася тады, калі ў ноч на 1 чэрвеня падчас ракетнай атакі на Кіеў адно з бамбасховішчаў не адчынілі, ад гэтага загінулі людзі. Трагедыя адбылася ў Дзясьнянскім раёне Кіева — менавіта там загінулі двое дарослых і дзіця. Муж адной з загінулых жанчын паведаміў журналістам, што людзі ня здолелі трапіць у сховішча, якое ім не адчынілі, хоць яны грукаліся ў дзьверы каля 20 хвілін.

Ахоўніка затрымалі, яго падазраюць ва ўжываньні алькаголю, пісала Громадське.

Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ў камэнданцкі час паліцыя будзе аб’яжджаць усе сховішчы і правяраць іх працу. Кіраўнікоў Дзясьнянскага раёну і мэдычнай установы ён запатрабаваў адхіліць ад працы на час сьледзтва.

На фоне гэтага скандалу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі аддаў распараджэньне міністру стратэгічных галін Аляксандру Камышыну праверыць прыдатнасьць сховішчаў у сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея праз 6 гадзін пасьля папярэдняй атакі абстраляла Кіеў з поўначы са сваёй тэрыторыі. Зьбілі 11 ракет

Першы этап праверкі прынёс нечаканыя вынікі, за якімі пойдуць высновы. Высьветлілася, што ў Кіеве зачыненыя або непрыдатныя для выкарыстаньня ажно 44% сховішчаў. Пра гэта пасьля праведзеных праверачных захадаў паведаміў сам Аляксандар Камышын.

Спэцыялісты пад патранатам Міністэрства стратэгічных галін праверылі больш за 1000 хованак. Непрыдатнымі для выкарыстаньня аказаліся 33% сховішчаў і яшчэ 11% былі зачыненыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пасьля сваёй 20-й за апошні месяц атакі Кіева заявіла аб нападзе дронаў на чатыры свае рэгіёны

Поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне доўжыцца ўжо амаль паўтара года.

Канчатковую справаздачу з праверкай усіх аб'ектаў прадставяць зяленскаму 12 чэрвеня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.