Пры сутыкненьні двух пасажырскіх цягнікоў у індыйскім штаце Одыша на ўсходзе краіны загінулі прынамсі 288 чалавек, больш за тысячу атрымалі траўмы, паведамляе агенцтва News18 India.
Сутыкненьне адбылося ўвечары 2 чэрвеня, за 220 кілямэтраў ад Калькуты. Каля 10 вагонаў аднаго цягніка сышлі з рэек — іх абломкі апынуліся на суседнім шляху, па якім у процілеглым кірунку ішоў іншы цягнік. У выніку сутыкненьня тры яго вагоны таксама сышлі з рэек, расказалі ў чыгуначным міністэрстве Індыі.
Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у аварыі таксама пацярпеў таварны цягнік — аднак афіцыйных паведамленьняў пра гэта пакуль няма. Інфармацыя працягвае абнаўляцца.
На месцы сутыкненьня ўсю ноч працавалі ратавальнікі. Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі выказаў спачуваньні пацярпелым і сваякам загінулых. 3 чэрвеня абʼявілі ў штаце Адыша днём жалобы.
Катастрофа ўжо стала трэцяй сярод падобных па колькасьці ахвяраў у гісторыі Індыі. Штогод у краіне адбываюцца сотні чыгуначных аварый. У большасьці выпадкаў у іх вінаваты чалавечы фактар ці састарэлае сыгнальнае абсталяваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грэцыі сутыкнуліся два цягнікі, загінулі сама меней 36 чалавек, беларусы не пацярпелі