Завяршылася пастаўка з Расеі ва Ўзброеныя Сілы Беларусі чарговага камплекту зэнітнага ракетнага комплексу С-400, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Акрамя таго, у Беларусь «камбінаваным спосабам» прыбываюць вайскоўцы, узбраеньне і тэхніка са складу агульнавайсковых і танкавых злучэньняў Узброеных Сіл РФ, гаворыцца ў паведамленьні. Паводле Мінабароны, гэта адбываецца ў рамках «плянавай ратацыі воінскіх частак і падразьдзяленьняў расейскага складніка рэгіянальнай групоўкі войскаў».
«У інтарэсах павышэньня абараназдольнасьці саюзнай дзяржавы працягваецца рэалізацыя мерапрыемстваў па павышэньні баявых магчымасьцяў злучэньняў і воінскіх частак на тэрыторыі Беларусі», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыбыў чарговы камплект расейскага ракетнага комплексу С-400- 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі, афіцыйна — у сувязі з «абвастрэньнем сытуацыі на заходніх межах „саюзнай дзяржавы“». З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
- Паводле Лукашэнкі, па выніках перамоваў з Пуціным 19 сьнежня 2022 году Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй ЗРК С-400 і «Іскандэр».
- С-400 прызначаная для зьнішчэньня паветраных і некаторых балістычных цэляў. Новыя ракеты для С-400 у стане страляць на адлегласьць да 400 кілямэтраў. Адзін комплекс С-400 (туды ўваходзіць 4 адзінкі тэхнікі) каштуе каля 650 мільёнаў даляраў.
- 15 траўня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў пра вывад Расеяй з тэрыторыі Беларусі сваіх войскаў, якіх раней накіроўвалі для падрыхтоўкі і далейшага перакіданьня ва Ўкраіну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Паводле яго, некалькі месяцаў таму колькасьць войскаў РФ у Беларусі «магла дасягаць 10–11 тысяч», цяпер жа іх каля 2,5 тысяч.