Выкладчыка катэхезы ў менскім архікатэдральным касьцёле Беладзед пакаралі адміністрацыйным арыштам

Ілюстрацыйнае фота

Паводле інфармацыі Свабоды, сёньня адбыўся суд над Уладзіславам Беладзедам. За «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП) ён пакараны адміністрацыйным арыштам.

Раней Свабода паведамляла, што сілавікі апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале відэа з затрыманым Беладзедам. На відэа ён кажа, што ў «камэнтарах заклікаў да гвалту, міжнацыянальнай варожасьці, забойства супрацоўнікаў сілавых структур і іх сем’яў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманым сэмінарыстам

Таксама на відэа паказваюць ягоныя фатаздымкі разам зь Інай Зайцавай, якая на пратэставыя акцыі выходзіла ў вясельнай сукенцы з чырвонай паласой.

Актывістка Юлія Фралова паведаміла ў Фэйсбуку, што на судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі ў яго сьляды пабояў.

У папярэдніх паведамленьнях Беладзеда называлі сэмінарыстам. Аднак курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловай заявай, у якой зьняпраўдзіла гэта. У заяве адзначаецца:

  • спадар Уладзіслаў Беладзед пасьля адлічэньня з Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў лютым 2020 году не зьяўляецца сэмінарыстам;
  • працаўладкаваны ў архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску на пасадзе выкладчыка катэхезы;
  • у сувязі з распаўсюджанай інфармацыяй у сродках масавай камунікацыі, Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачала кананічнае расьсьледаваньне.