Рэжым Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца саўдзельнікам злачынства па дэпартацыі дзяцей у РФ, заявіў на канфэрэнцыі «Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Расею» 2 чэрвеня ў польскім сэнаце пасол Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч.
Паводле ягонай інфармацыі, з тэрыторыі Ўкраіны ў РФ і Беларусь былі вывезеныя 19 484 дзіцяці.
Дыплямат зазначыў, што «вельмі важна працягваць супрацоўнічаць у пытаньні вяртаньня на радзіму ўкраінскіх дзяцей».
Паводле яго слоў, дзяцей, якія вывозяцца на тэрыторыю дзьвюх названых краін, можна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі:
- дзеці, якія страцілі бацькоў або згубілі кантакт зь імі падчас вайны;
- дзеці, аднаго з бацькоў якіх затрымалі ў так званым «фільтрацыйным пункце»;
- дзеці, якія жывуць у дзіцячых дамах ці інтэрнатах.
Пасол падкрэсьліў, што адначасова з працай па вяртаньні дзяцей назад на радзіму павінен ісьці працэс «прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці Расеі і Беларусі за злачынствы дэпартацыі».
Зварыч зазначыў, што дзеяньні МУС у дачыненьні да Ўладзіміра Пуціна (17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на яго арышт. — BPN) — гэта толькі «першы крок на шляху прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых у незаконнай дэпартацыі дзяцей», якія «павінны стаць перад судом».
Дыплямат падкрэсьліў, што прыярытэтныя задачы на сёньня — сусьветны рэзананс незаконнага перамяшчэньня дзяцей, а таксама дапамога Ўкраіне і МУС у зборы доказаў вінаватасьці РФ і Беларусі «ў выкраданьні ўкраінскіх дзяцей».
«Вываз дзяцей у Расею, а таксама, як становіцца вядома, і ў Беларусь, — гэта страшная рэч. Аддзяляць дзяцей ад бацькоў абсалютна недапушчальна», — заявіў маршалак сэнату Польшчы Томаш Гродзкі.
Даклад аб ролі рэжыму Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы Беларусі і РФ у дэпартацыі дзяцей на канфэрэнцыі прадставіў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.
«Паводле нашай ацэнкі, не аддаецца належнай увагі ролі Лукашэнкі, які зьяўляецца адзіным саюзьнікам Пуціна ў гэтай вайне. [...] Рэжым Лукашэнкі зьяўляецца суагрэсарам, які павінен панесьці пакараньне, сынхранізаванае з пакараньнем Пуціна», — заявіў кіраўнік НАУ.
Латушка таксама падкрэсьліў, што прыцягнуць да адказнасьці за незаконную дэпартацыю дзяцей трэба ня толькі самога Лукашэнку, але і ўсіх, хто ў Беларусі садзейнічаў гэтаму працэсу.
Паводле ягонай інфармацыі, на тэрыторыю Беларусі было вывезена мінімум 2150 украінскіх дзяцей, сярод іх — 12 сірот, чые асобы ідэнтыфікаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка ў Кіеве заклікаў Украіну расьсьледаваць ваенныя злачынствы Лукашэнкі супраць украінскіх дзяцей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей