Пашыньян: Армэнія не саюзьніца Расеі ў вайне з Украінай

Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Крамлі. Архіўнае фота

Армэнія не зьяўляецца саюзьнікам Расеі ў вайне з Украінай. Пра гэта ў інтэрвію чэскаму тэлеканалу CNN Prima News заявіў прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян.

«Наша ўспрыманьне ад гэтай вайны, ад гэтага канфлікту — трывога, таму што гэта прама ўплывае на ўсе нашы адносіны», — цытуе Пашыняна прэс-служба ўраду Армэніі.

Паводле яго, на Захадзе «больш» заўважаюць, што Армэнія — саюзьнік Расеі, пры гэтым у Маскве бачаць, што Ерэван не падтрымлівае вайны ва Ўкраіне.

Атрымліваецца, што Армэнія нічыя саюзьніца ў гэтай сытуацыі, а значыць, яна ўразьлівая, адзначыў Пашыньян. Пры гэтым, паводле кіраўніка армянскага ўраду, чым складанейшая сытуацыя, тым меншае поле для манэўраваньня.

«Мы лявіруем не таму, што ў нас няма меркаваньня аб сытуацыі, а таму, што ў нас, на жаль, занадта шмат уласных праблем, што не дазваляе нам быць больш уцягнутымі ў вырашэньне іншых пытаньняў», — заявіў прэмʼер-міністар Армэніі.

Раней Пашыньян казаў, што Армэнія «ня можа сабе дазволіць» трапіць пад санкцыі Захаду за падтрымку Масквы, нягледзячы на сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе і «глыбокія эканамічныя і стратэгічныя адносіны» з Расеяй.

У траўня Пашыньян заявіў, што Армэнія пакуль не прыняла рашэньня аб удзеле ў сумесных вучэньнях Арганізацыі Дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ).

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава на гэта заявіла:

«Калі гэта фігура мовы, для таго, каб пралабіяваць пазыцыю аб выхадзе Армэніі з АДКБ, то мне здаецца, што ўсё ж трэба разумець усю небясьпеку маніпуляваньня словамі».

У адказ Пашыньян заявіў, што прадстаўнік МЗС Расеі не павінен камэнтаваць яго словы, а можа толькі прымаць іх да ўвагі.

Раней Пашыньян неаднаразова крытыкаваў АДКБ, у прыватнасьці сьцьвярджаючы, што арганізацыя не заняла дастаткова выразную пазыцыю ў канфлікце Армэніі з Азэрбайджанам. Пры гэтым пра тое, што Ерэван мае намер выйсьці з арганізацыі, ён не казаў.

Прэмʼер-міністар Армэніі быў адным зь сямі лідэраў краін СНД, якія прысутнічалі на парадзе з нагоды Дня перамогі ў Маскве 9 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія і Азэрбайджан дамовіліся аб узаемным прызнаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Нагорны Карабах тэрыторыяй Азэрбайджану і выйсьці з АДКБ