Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што любыя сумневы ў далучэньні Ўкраіны да Паўночна-атлянтычнага альянсу падштурхнуць Расею да нападу на новыя краіны.
«Мы павінны памятаць, што кожны сумнеў, які мы дэманструем тут, у Эўропе, — гэта траншэя, якую Расея абавязкова паспрабуе заняць», — сказаў Уладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Малдове.
Як паведаміла агенцтва AFP, прэзыдэнт Украіны заявіў, што адтэрміноўка з рашэньнем аб уступленьні Ўкраіны падарве моц Захаду.
Уладзімір Зяленскі дадаў, што калі ва Ўкраіны і Малдовы ня будзе дакладнага шляху да сяброўства, уразьлівыя празаходнія палітычныя сілы ў Беларусі і Грузіі апынуцца пад пагрозай.
«Незалежна ад таго, ці тычацца гэтых сумневаў жыцьцёва важныя крокі ў галіне бясьпекі, ці сумневы ў нашым адзінстве, магчыма, у нашай здольнасьці супрацьстаяць выклікам нашага часу, кожны сумнеў прыносіць яшчэ больш няўпэўненасьці», — мяркуе прэзыдэнт Украіны.
«Нам патрэбен справядлівы мір. Таму кожная эўрапейская краіна, якая мяжуе з Расеяй і ня хоча, каб Расея іх разьдзірала, павінна быць паўнапраўным сябрам Эўразьвязу і NATO. А альтэрнатывы гэтаму толькі дзьве: альбо адкрытая вайна, альбо паўзучая расейская акупацыя», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове ў надзвычайных умовах бясьпекі праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Безь Беларусі і РасеіУ Кішынёве (Малдова) праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC), якая аб’ядноўвае 27 краін Эўразьвязу і 40 іхных хаўрусьнікаў, за выключэньнем Расеі і Беларусі. Адно з галоўных пытаньняў саміту — рэгіянальная бясьпека.
Праграма саміту прадугледжвае агульную дыскусію, двухбаковыя сустрэчы, а таксама сустрэчы ў фарматах «малых груп», адна зь якіх датычыць канфлікту ў Нагорным Карабаху.