«Камісіям па ўцекачах» даручылі разглядаць і звароты рэпрэсаваных спартоўцаў, якія ў 2020-м выступілі супраць гвалту

Андрэй Швед, генэральны пракурор

«Камісія па вяртаньні» грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, на чале з генпракурорам Андрэем Шведам пачала таксама разглядаць і «магчымасьць вяртаньня да прафэсійнай дзейнасьці асобных спартоўцаў на запыт адпаведных фэдэрацыяў».

Гэтае пытаньне разглядалася на апошнім пасяджэньні камісіі 31 траўня, вынікае з чарговага артыкула беларускага прапагандыста Андрэя Мукавозчыка ў sb.by.

Як сьцьвярджаецца ў артыкуле, паўнамоцтвы камісіі пашырылі на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, і шэраг раней рэпрэсаваных беларускіх спартоўцаў нібыта «ўжо накіравалі свае звароты». Іх прозьвішчы ў артыкуле не называюцца.

Мукавозчык адзначыў, што адной з прычын адхіленьня спартоўцаў стаў ліст з патрабаваньнем правесьці сумленныя выбары і спыніць рэпрэсіі, таму цяпер для вяртаньня ў беларускі спорт яны мусяць «публічна пакаяцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор: За два месяцы камісія па вяртаньні атрымала 56 заяваў

Тым часам Генпракуратура сьцьвярджае, што ў Беларусь ужо прыбылі некаторыя грамадзяне, якія раней зьвярнуліся ў «камісію па вяртаньні» і атрымалі адказы. Іх колькасьць у ведамстве не ўдакладнілі. На пачатку траўня генпракурор Беларусі заявіў у эфіры БТ, што ў камісію падалі больш за 70 заявак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыбуна»: Мінспорту склала «чорны сьпіс» з паўсотні футбалістаў, якім забаронена працаваць у Беларусі

У канцы 2022 году спартовае выданьне «Трыбуна» паведаміла, што Мінспорту склала дакумэнт зь пералікам 49 прозьвішчаў беларускіх футбалістаў, якім забаронена працаваць у Беларусі. У яго трапілі вядомыя футбалісты, якія правялі дзясяткі матчаў за нацыянальную зборную, гулялі ў групавых этапах эўракубкаў, атрымлівалі разнастайныя беларускія трафэі і асабістыя ўзнагароды. Аснову сьпісу склалі 43 спартоўцы, якія зьняліся ў відэа супраць гвалту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр горадзенскай каманды «Нёман» стаў на абарону рэпрэсаваных гульцоў