Скандал на «адзіным экзамэне» і парады тым, хто хоча атрымаць прыстойную адукацыю ў Беларусі

Тацяна Шчытцова, каляж.

З дарадцай Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі Тацянай Шчытцовай абмяркоўваем, што зрабілася з сыстэмай адукацыі ў Беларусі за 30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі, чаму скандал з вынікамі цэнтралізаванага экзамэну — праява сыстэмнага крызісу.

Экспэртка дае парады, як у цяперашніх умовах у Беларусі магчыма атрымаць прыстойную адукацыю.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— У Беларусі здарыўся скандал зь першым цэнтралізаваным экзамэнам па расейскай (беларускай) мове. Выпускнікі і іх бацькі абураныя вынікамі і скардзяцца ў розныя інстанцыі. Улады прызначылі камісію для праверкі карэктнасьці вынікаў гэтага экзамэну. Чаму мэханізм экзамэну аказаўся недасканалым? Ці праблема толькі ў няякаснай сыстэме?

— Па гэтым выпадку можна вывучаць, што ўяўляе сабой дзяржаўны апарат, бюракратычная сыстэма, якая склалася пры Лукашэнку. Мае сэнс параўноўваць гэты збой пры падліку балаў з тым, што адбывалася, калі пачалася пандэмія. Тады таксама сыстэма дала збой, выявілася, што бюракратыя недзеяздольная. Мы бачым, што сыстэма зацыкленая сама на сябе. І адзіны суб’ект, на якога яна можа адкрыта рэагаваць, якога яна чуе, — гэта сам Лукашэнка. Паказальна, што на запыт бацькоў бюракратыя адказала, што праблем няма, усё працуе, пераглядаць ня будзем. Гэта агучыў нават міністар. І толькі пасьля пэрсанальнага ўмяшаньня Лукашэнкі міністар цалкам мяняе сваю пазыцыю і кіруецца ў зададзеным Лукашэнкам рэчышчы. Мы бачым, што бюракраты, міністэрствы ня здольныя вырашаць ніякія праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал на «адзіным экзамэне»: Абітурыенты і бацькі патрабуюць пералічыць балы. Што адбываецца

— Ці не падаецца вам, што гэта рэдкая зьява для сёньняшняй Беларусі, калі на нейкую несправядлівасьць, пра якую гавораць людзі зьнізу, зьяўляецца рэакцыя, і, магчыма, нешта будзе зроблена? Чым вы гэта тлумачыце?

— Гэта паказальна, што бацькі не пабаяліся і адрэагавалі. Размова ідзе пра іх дзяцей. І тут ёсьць розьніца гэтага кейсу і таго, што было падчас ковіду. Тут Лукашэнка не сказаў, як тады, што каранавірусу няма, а заняў пазыцыю добрага цара, прызнаў праблему і даў загад неяк яе вырашаць. І зрабіў ён гэта цалкам рэфлекторна, бо нутром чуе, што трэба неяк ратаваць свой сымбалічны капітал, адраджаць давер да яго. І ён палічыў, што трэба выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб крышачку вярнуць хоць нейкую падтрымку сярод грамадзянаў.

Спадзяюся, у людзей хопіць розуму зразумець, што нават калі нешта пазытыўнае гэтая камісія зробіць, то гэта не таму, што Лукашэнка такі добры. Мы маем сыстэму дзяржапарату, якая не працуе, менавіта праз рэжым Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў «нахамуталі». Чаму Лукашэнка раскрытыкаваў Міністэрства адукацыі

— Што чакае выпускніка школы, у якога атрымаецца паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, напрыклад у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, напрыклад на юрыдычны факультэт? Ці не давядзецца запісваць відэа пад прымусам за тое, што аспрэчваў вынікі дзяржаўнага экзамэну?

— Гэтае пытаньне цалкам абгрунтаванае. Мы памятаем, што сказаў Іванец, што будуць адсочваць усе так званыя фэйкі. Сыстэма была гатовая пачаць рэпрэсіі на падставе разгубленасьці і пратэсту з боку бацькоў. Што чакае нашых студэнтаў ва ўнівэрсытэтах? У тым ліку ў БДУ на юрфаку, дзе прымусілі запісаць ганебнае відэа? Мы мусім адназначна канстатаваць, што тычыцца спэцыяльнасьцяў сацыяльнага, гуманітарнага блёку — паліталёгіі, юрыспрудэнцыі ды іншых: шчыра кажучы, я ня бачу вялікага сэнсу ў тым, каб вывучаць гэтыя навукі менавіта ў беларускіх ВНУ. Бо немагчыма атрымаць добрыя, сучасныя веды па гэтых дысцыплінах на тых умовах, у той сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь і вышэйшая адукацыя наагул.

Тут трэба думаць. Калі чалавек ня можа спадзявацца і плянаваць навучаньне за межамі Беларусі, але ёсьць вялікае жаданьне ісьці на юрыдычны факультэт, то трэба думаць аб самаадукацыі, і, мабыць, ісьці на завочнае аддзяленьне і больш займацца самаадукацыяй праз тыя магчымасьці, якія дае онлайн-адукацыя альбо камунікацыя з добрымі прафэсіяналамі, хто яшчэ застаўся ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як унівэрсытэт ператварыўся ў катавальню

— Як бы вы сьцісла сфармулявалі па пунктах, што адбылося з сыстэмай адукацыі Беларусі за 30 гадоў кіраваньня Лукашэнкі?

  • — Сыстэма адукацыі адстала ад сучаснага сьвету. Мы маем несучасную сыстэму адукацыі.
  • Сёньняшняя сыстэма адукацыі ня дае магчымасьці пэдагогам разьвівацца, сыстэма не матывуе іх да прафэсійнага разьвіцьця.
  • Калі глядзець, як адбываецца кіраваньне сыстэмай адукацыі, як яна выбудавана, то відавочна, што яна ня мае сёньня візіі, стратэгічнага бачаньня, як яна павінна разьвівацца, на якой падставе. Сёньня падстава — ідэалёгія і прапаганда, якая прасоўваецца ўжо нават на дашкольным узроўні, а таксама ў школах і ВНУ.
  • Гэтая сыстэма адукацыі не спрыяе разьвіцьцю дзяцей і моладзі. Пра гэта сьведчаць вынікі тэсту PISA (міжнародны тэст, які праводзіцца ў розных краінах і мае на мэце выявіць узровень адукацыі і праблемы ў ёй), які праводзіўся ў 2018 годзе. Яны выявілі, што ў беларускіх дзяцей добры ўзровень адукацыі, але мала разьвітыя крэатыўнасьць і крытычнае мысьленьне.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы рэктар ЭГУ расказаў, як атрымаў прапанову яго ўзначаліць, і паабяцаў рэзка павялічыць колькасьць студэнтаў