У Палацы незалежнасьці выхаванцам вайскова-патрыятычных клюбаў дэманстравалі кувалду, падобную да «кувалды Вагнэра»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Кувалда ад прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якую падарылі расейскаму дэпутату Сяргею Міронаву

У Палацы незалежнасьці ў Менску 31 траўня правялі экскурсію для выхаванцаў двух вайскова-патрыятычных аб’яднаньняў — цэнтру «Скіф» і клюбу «Доблесьць». На адным з фатаздымкаў з экскурсіі, апублікаваным БелТА, — кувалда, вельмі падобная да той, якую раней падарыў рэчыцкай гімназіі адзін з наймітаў ПВК «Вагнэр».

Кувалда — у футарале, абабітым унутры сінім аксамітам, на ёй відаць нейкі надпіс, які празь якасьць фота разгледзець немагчыма, на мэталічнай частцы можна заўважыць круглае кляймо.

Кувалда з такім жа кляймом і ў вельмі падобным футарале фігуруе і сярод экспанатаў музэю гісторыі ВДВ і спэцназу ў Рэчыцкай раённай гімназіі.

Яе раней падараваў мясцоваму прарасейскаму актывісту, заснавальніку вайскова-патрыятычнага цэнтру спэцыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф» і ініцыятару стварэньня музэю Ўладзімеру Габраву найміт ПВК «Вагнэр» з пазыўным «Бес» — як высьветлілі СМІ, гэта ўраджэнец Беларусі Мікалай Будзько.

З рэпартажу незразумела, ці кувалду, якую дэманструюць дзецям, атрымаў у падарунак Аляксандар Лукашэнка, ці экспанат прывезьлі з музэю гісторыі ВДВ і спэцназу ў Рэчыцкай раённай гімназіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музэй Рэчыцкага вайскова-патрыятычнага цэнтру «Скіф» атрымаў кувалду ПВК «Вагнер»

Падобнымі кувалдамі ў ПВК «Вагнэр» забіваюць тых, каго абвінавачваюць у «дэзэртырстве» ці «здрадзе».

Дакладна вядома пра як мінімум адзін такі выпадак: у лістападзе 2022 году на тэлеграм-канале, блізкім да ПВК «Вагнэр», было зьмешчана відэа, на якім мужчыну забіваюць кувалдай. Як выявілася, забітага завуць Яўген Нужын. На запісе ён з прыматанай скотчам да каменя галавой кажа, што паехаў на фронт, каб там перайсьці на бок Украіны і ваяваць супраць расейцаў. Пазьней было апублікаванае яшчэ адно падобнае відэа, але потым гэтыя здымкі ў ЧВК былі названыя пастановачнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залежныя і прыніжаныя. Расейская кувалда для беларускай намэнклятуры