Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», яшчэ ў лістападзе 2021 году ў магілёўскай турме ў 47-гадовага палітвязьня Дзьмітрыя Сончыка здарыўся інфаркт, а пасьля — інсульт. Каля месяца ён прабыў у гарадзкой лякарні, прышпілены кайданкамі да ложка, пад назіраньнямі канваіраў і відэакамэры, а потым яго вярнулі ў турму, дзе яго даглядалі сукамэрнікі.
Менскі гарадзкі суд пакінуў апэляцыйную скаргу без задавальненьня, нягледзячы на набытую падчас зьняволеньня інваліднасьць, і Дзьмітрыя адправілі ў калёнію. Былы сукамэрнік палітвязьня з магілёўскай турмы і зьняволены з калёніі, дзе адбывае тэрмін Дзьмітры, расказалі ягоную гісторыю.
Вясельнага фатографа зь Менску Дзьмітрыя Сончыка затрымалі людзі ў цывільным на танаваным аўтобусе 28 чэрвеня 2021 году. Прычына — рэпост-камэнтары ў інтэрнэце. Дома правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Пры затрыманьні на мужчыну надзелі кайданкі і накрылі іх кофтай, каб суседзі нічога не западозрылі. Да суду фатографа ўтрымлівалі ў жодзінскай турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 12 чалавек, у тым ліку 7 абвінавачаных у тэрарызьме12 кастрычніка 2021 году судзьдзя Дзьмітры Карсюк суду Цэнтральнага раёну Менску прызначыў Дзьмітрыю 3 гады калёніі. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Сончык абразіў і выказаў пагрозу жыцьцю чатырох чалавек у камэнтарах у адным з тэлеграм-каналаў цягам 2020-2021 гадоў. Пацярпелыя — А. Пераходзька з Івацэвіцкага РАУС, начальнік РАУС А. Грынкевіч, старшы лейтэнант Нясьвіскага РАУС Р. Праневіч і супрацоўнік ГУБАЗіКу А. Алёкса. На судзе фатограф тлумачыў, што пісаў камэнтары ад эмоцый, пасьля прагляду відэа біцьця і затрыманьняў, абураны неправамернымі дзеяньнямі супрацоўнікаў. Але падкрэсьліў, што не зьбіраўся ажыцьцяўляць пагрозы.
Да затрыманьня ў Дзьмітрыя не было праблем са здароўем. У зьняволеньні ён перахварэў на COVID. Да разгляду апэляцыі зь СІЗА-1 Дзьмітрыя Сончыка этапавалі ў магілёўскую турму. Там, паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго пабілі, патрабуючы на камэру выбачэньняў і прызнаньня віны. Праз два тыдні пасьля таго, як Дзьмітрыя прывезьлі ў турму № 4, у мужчыны здарыўся інфаркт, а яшчэ праз два тыдні — інсульт.
Былы палітвязень Валянцін Лабачоў расказаў «Вясьне», што знаходзіўся зь Дзьмітрыем у камэры магілёўскай турмы 14 лістапада 2021 году, калі ў яго здарыўся інфаркт.
«Я быў зь ім у камэры, калі яму стала кепска і яго забралі ў лякарню. Яму стала дрэнна ноччу. Пакуль мы дагрукаліся да супрацоўнікаў, прайшло некалькі гадзін. Яго адразу забралі ў мэдчастку турмы, а раніцай адвезьлі ў магілёўскую гарадзкую лякарню.
Там ён прабыў дзесьці месяц. Потым у камэру, зь якой яго забралі лекары, прыйшлі супрацоўнікі турмы і запыталі, хто зь ім сядзеў і хто яго ведае. Я адказаў, што я зь ім знаёмы. У Дзьмітрыя былі праблемы з памяцьцю, таму шукалі знаёмых, каб працэс рэабілітацыі праходзіў хутчэй. Мяне і яшчэ некалькі чалавек перавялі ў невялікую камэру, дзе быў Дзьмітры. Там мы яго даглядалі, бо ён быў у вельмі цяжкім стане. Мы нават пампэрсы яму мянялі, бо ён амаль што хадзіць ня мог. Трэба было ў душы яго падтрымаць, напрыклад, каб ён памыўся. У той момант у яго былі праблемы з маўленьнем і яго фактычна паралізавала. У камэры я прабыў зь ім месяц».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліне Горавай, у якой моцна пагоршылася здароўе ў СІЗА, прысудзілі год «хатняй хіміі»У турме ў Дзьмітрыя Сончыка адняліся левыя рука і нага, а таксама парушылася маўленьне. За паўтара месяца ён вельмі моцна схуднеў — прыблізна на 60 кіляграмаў. Яму прысвоілі інваліднасьць другой групы, але суд пакінуў прысуд бязь зьменаў, нягледзячы на тое, што Дзьмітры перанёс інсульт і інфаркт.
Былы палітвязень Валянцін адзначае, што праблемы са здароўем у яго былога сукамэрніка абвастрыліся пасьля пабіцьця сілавікамі.
«На маю думку, акрамя біцьця, на яго здароўе яшчэ моцна паўплывала тое, што ён вельмі хваляваўся і шмат курыў».
Валянцін Лабачоў нават у сваёй апэляцыйнай скарзе прасіў, каб суд улічыў тое, што ён даглядае зьняволенага Дзьмітрыя Сончыка. Магілёўскі абласны суд гэтага не ўлічыў. Разгляд скаргі Валянціна праходзіў у закрытым рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: у Марыі Калесьнікавай зноў праблемы са здароўем«У яго былі праблемы з каардынацыяй рухаў і маўленьнем»
Зь лякарні Дзьмітрыя Сончыка выпісалі 17 сьнежня 2021 году, а ў сярэдзіне студзеня 2022 году яго ўжо этапавалі праз Гомель у бабруйскую калёнію № 2. Зь ім там пазнаёміўся былы палітвязень Віталь Жук.
«Зь Дзьмітрыем Сончыкам я пазнаёміўся ў санчастцы калёніі ў канцы лютага-пачатку сакавіка 2022 году. Там мы правялі 10 дзён. Я адразу заўважыў, што ў яго нейкія праблемы з маўленьнем, але я не адразу зразумеў, што здарылася. Ён вельмі эмацыйна жэстыкуляваў, але было прыкметна, што ён забывае словы ў працэсе размовы. Напрыклад, ён хоча нешта сказаць, але ня памятае, як гучыць слова, таму шукаў сынонімы.
Ці, напрыклад, блытаў канчаткі словаў, напрыклад мог сказаць замест „дзень добры“ — „дзень добрая“. Так я зразумеў, што ў яго ёсьць пэўныя праблемы, але ў першы дзень знаёмства пра гэта мы не гаварылі. Пазьней я даведаўся і пра інфаркт, і пра інсульт, якія былі справакаваныя біцьцём. Наколькі я зразумеў, усе спрабавалі сьпісаць на COVID-19. Але гэта трызьненьне, бо чалавек быў раней абсалютна здаровым».
Дзьмітрыя адправілі ў атрад пэнсіянэраў, нягледзячы на тое, што ён не падыходзіць па ўзросьце. Яму прызначылі пэнсію па інваліднасьці (другой рабочай групы), але яна да яго не даходзіць з прычыны вылікаў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязьняў даводзяць да сьмерці». Як насамрэч можна дапамагчы палітвязьням