Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў аб перамовах па павелічэньні ліку вайсковага нямецкага падразьдзелу, які дысьлякуецца ў Літве.
«Пытаньне брыгады абмяркоўваецца і ў Літве, і ў Нямеччыне. Палітычнае кіраўніцтва Літвы і Нямеччыны не аспрэчваюць гэтае пытаньне. Як сказаў прэзыдэнт Наўседа, мы ведаем, што абодва бакі мусяць зрабіць сваю хатнюю працу, таму цяпер мы робім крокі для павелічэньня ліку вайсковай брыгады ў Літве», — цытуе Франка-Вальтэра Штайнмаера Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачаньне.
Прэзыдэнт Нямеччыны знаходзіцца ў Літве з візытам. Гэтую заяву ён зрабіў 30 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні.
Паводле яго, гэты працэс каардынуюць міністры абароны Нямеччыны і Літвы.
«Вядома, важна, каб у Літве знаходзіўся ня толькі камандны элемэнт, але па ўзгадненьні зь Літвой асобныя падразьдзелы прыяжджаюць сюды і стала трэніруюцца. Так што тут ня проста перадавы камандны элемэнт, а фактычна частка брыгады», — дадаў прэзыдэнт Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне расказалі, як дапамогуць Літве ўзмацніць бясьпеку ў часе саміту NATO ў ВільніПерад візытам Франка-Вальтэра Штайнмаера ў Літву Міністэрства абароны Нямеччыны паведаміла, што перакіне свой зэнітна-ракетны падразьдзел і сыстэму супрацьпаветранай абароны Patriot з Славаччыны і Польшчы ў Вільню, каб гарантаваць бясьпеку ў часе правядзеньня саміту Паўночна-атлянтычнага альянсу 11–12 ліпеня.