Працэс над журналістам-фрылансэрам і краязнаўцам, 36-гадовым Яўгенам Меркісам пачаўся 11 траўня ў Гомельскім абласным судзе. Ён праходзіў у закрытым рэжыме.
Справу разглядаў судзьдзя Аляксей Хлышчанкоў. Ён прысудзіў журналісту 4 гады пазбаўленьня волі ўзмоцненага рэжыму.
30 траўня Яўгена Меркіса суд прызнаў вінаватым у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім» (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Як піша дзяржаўная газэта Гомельскага аблвыканкаму «Гомельская праўда», Яўген Меркіс нібыта адпраўляў тэлеграм-каналам зьвесткі аб перасоўваньні вайсковай тэхнікі. Таксама прапагандысты акцэнтуюць увагу, што Яўген працаваў для тэлеканала «Белсат», які ўлады прызналі «экстрэмісцкім», піша «Флагшток».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць журналіста і краязнаўцу Яўгена МеркісаЯўгена Меркіса затрымалі 13 верасьня 2022 году ў Гомлі. У яго правялі ператрус, канфіскавалі электронныя носьбіты інфармацыі. Да суду адправілі ў СІЗА № 3.
Меркіс асьвятляў акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, вёў стрымы зь мітынгаў так званых «дармаедаў». Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, суды штрафавалі і адпраўлялі яго на «суткі». Агулам за журналісцкую дзейнасьць Меркісу прысудзілі 50 дзён арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.
Пасьля прызнаньня шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасьцю.
Праваабаронцам вядома, што Яўгена ў СІЗА-3 зьмяшчалі на чатыры дні ў карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Просіць падручнікі, значыць, мае пляны на будучыню». Навіны былых гомельскіх журналістаў, якія трапілі за краты