На прапанову Лукашэнку Казахстану ўступіць у так званую саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў адрэгаваў:
«Я па заслугах ацаніў ягоны жарт. Я думаю, што неабходнасьці ў гэтым няма, бо існуюць і іншыя інтэграцыйныя абʼяднаньні, найперш Эўразійскі эканамічны саюз.
Што да ядзернай зброі, то яна нам не патрэбна, бо мы далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі і Дамовы аб забароне выпрабаваньняў ядзернай зброі. Мы застаемся вернымі абавязаньням у рамках гэтых міжнародных дакумэнтаў», — сказаў Такаеў, якога цытуе «РИА Новости».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Казахстане заявілі, што не зьбіраюцца ўступаць у саюзныя дзяржавыНекалькі дзён таму Касым-Жамарт Такаеў на Эўразійскім эканамічным форуме сказаў пра канцэптуальныя разыходжаньні ў падыходах да інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй і астатнімі краінамі ЭАЭС. Паводле яго, гэтую праблему трэба абмеркаваць.
Такаеў падкрэсьліў, што саюзная дзяржава Беларусі і Расеі ствараецца па формуле «дзьве краіны — адна дзяржава», з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парлямэнтам.
Казахстан не зьбіраецца ўступаць ні ў якія саюзныя дзяржавы, а таксама настойвае на тым, што інтэграцыя ў ЭАЭС павінна мець выключна эканамічны характар. Так растлумачыў заявы прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева на Эўразійскім эканамічным форуме яго прэс-сакратар Руслан Жэлдзібай.
Пазьней Лукашэнка пракамэнтаваў словы Такаева.
«Калі хтосьці перажывае — ня думаю, што Касым-Жомарт Такаеў перажывае з гэтай нагоды, але калі раптам, — так ніхто не мае супраць, каб у Казахстана і іншых краін былі такія ж цесныя адносіны, як у нас з Расейскай Фэдэрацыяй. Гэта проста. У саюз Беларусі з Расеяй трэба ўступаць, і ўсё: будзе ядзерная зброя на ўсіх», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану лічыць існаваньне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі праблемай Эўразійскага саюзу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Казахстану заявіў, што Беларусь і Расея — адна дзяржава, а Казахстан і іншыя чальцы ЭАЭС — асобныя