Ён згадаў пра Польшчу, дзе да 4% ВУП адводзіцца на патрэбы абароны. Паводле Вальфовіча, гэта робіцца на шкоду эканоміцы, на шкоду інтарэсам простых грамадзян. Гэта насамрэч не адпавядае фактам. Пры росьце выдаткаў на абарону, у Польшчы летась павялічыўся адначасова і ВУП — ажно на 4,9%.
«Каб астудзіць гэтыя галовы, Беларусь, вядома, можа пайсьці гэтым жа шляхам і эканоміку перанакіраваць на ваенныя патрэбы, пачаць павялічваць і разгортваць узброеныя сілы да колькасьці ваеннага часу, але гэта ляжа вялікім цяжарам на эканоміку, на дабрабыт грамадзян, насельніцтва Беларусі. Навошта гэта рабіць? Людзі прывыклі жыць у камфорце, цывілізавана, прыгожа. Дык вось адным з элемэнтаў, скажам так, стратэгічнага стрымліваньня ў ваенным пляне, вядома, зьяўляецца тактычная ядзерная зброя», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Аднак у 2018–2022 гадах у параўнаньні з папярэднімі 5 гадамі імпарт узбраеньняў у Беларусь вырас на 55%. Пра гэта сьведчаць зьвесткі аўтарытэтнага Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў праблем міру (SIPRI). Доля Беларусі ў сусьветным імпарце ўзбраеньняў за 2018–2022 гады вырасла з 0,3% да 0,6%.
У базе даных SIPRI зьмяшчаецца і ацэнка вайсковых выдаткаў Беларусі ў мінулым годзе. Яны склалі летась 802,78 млн даляраў, павялічыўшыся на 7,86% у параўнаньні з 2021 годам. Выдаткі дасягнулі 1,2% ВУП, што на 0,1 працэнтных пункта больш, чым у 2021-м. Пры гэтым у Беларусі, як паведаміў Белстат, ВУП у 2022 годзе зьменшыўся на 4,7%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут SIPRI: за 2022 год выдаткі Беларусі на войска павялічыліся на 8%