Аб’ект быў адключаны ад сеткі напярэдадні апоўдні — для правядзеньня «дынамічных выпрабаваньняў у рэжыме поўнага абясточваньня».
«27 траўня ў 21:05 другі энэргаблёк Беларускай атамнай электрастанцыі ўключаны ў сетку пасьля завяршэньня плянавых выпрабаваньняў на ўзроўні магутнасьці рэактарнай устаноўкі 50% у рамках праграмы энэргетычнага пуску. Ідзе паэтапны набор магутнасьці», — адсправаздачылася энэргетычнае ведамства.
Другі энэргаблёк БелАЭС знаходзіцца на этапе энэргетычнага пуску, які пачаўся 5 красавіка.
13 траўня абʼект выдаў у сетку першыя кіляват-гадзіны электрычнасьці, 19-га яго рэактар вывелі на 50% магутнасьці. Да цяперашняга моманту, паводле даных на сайце Мінэнэрга, другі блёк згенэраваў 127,54 млн кВт∙г.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелАЭС не разьлічылася з Украінай за пастаўку арматуры. Справа цягнецца больш за два гадыБеларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генэральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам выступае інжынірынгавая кампанія «АСЭ», якая зьяўляецца галаўной арганізацыяй інжынірынгавага дывізіёна «Росатома».
Першы блёк БелАЭС пачаў выдаваць электрычнасьць у сетку ў лістападзе 2020 года, яго камэрцыйная эксплуатацыя пачалася ў чэрвені 2021-га.
Другі энэргаблёк плянуецца ўвесьці ў прамысловую эксплуатацыю ў кастрычніку 2023 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк Беларускай АЭС цалкам абясточылі