Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў у інтэрвію ВВС заявіў, што ўкраінскі контранаступ яшчэ не пачаўся, адзначыўшы, што ён можа пачацца «заўтра, пасьлязаўтра ці праз тыдзень».
Паводле Данілава, узброеныя сілы Ўкраіны гатовыя да контранаступу, аднак камандаваньне чакае найлепшага моманту. Таксама сакратар РНБА назваў будучы наступ «гістарычнай магчымасьцю», якую нельга ўпусьціць.
Таксама сакратар адказаў на пытаньне журналістаў наконт разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі, заявіўшы, што ён «абсалютна спакойны» наконт гэтага, бо для ўкраінскага кіраўніцтва гэта «ня нейкая навіна».
Акрамя гэтага, Данілаў падчас інтэрвію пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што некаторыя сілы ПВК «Вагнэр» адыходзяць з Бахмута, аднак зазначыў, што гэта «не азначае, што яны перастануць ваяваць».
Украінскія ўлады гавораць пра контранаступ з канца 2022 года. Першапачаткова чакалася, што ён пачнецца вясной, аднак пазьней тэрміны зрушыліся. Сярод прычынаў такога рашэньня ўказваліся затрымкі з пастаўкамі Украіне заходніх узбраеньняў, а таксама празьмерна вільготнае надвор’е, якое ўскладняе ваенную лягістыку і рух цяжкай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ацаніў магчымасьці ўкраінскага контранаступу і заклікаў да перамоваў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі анансаваў украінскі контранаступ — у тым ліку на Крым