Візыт Шайгу ў Беларусь зьвязаны з заплянаваным на 25 траўня ў Менску паседжаньнем Савету міністраў абароны краін АДКБ.
Паводле інфармацыі беларускага вайсковага ведамства, удзельнікі сустрэчы АДКБ «абмяркуюць выклікі і пагрозы ваеннай бясьпецы ў рэгіёнах калектыўнай бясьпекі дзяржаў – чальцоў АДКБ, а таксама пытаньні ўдасканаленьня сыстэмы крызіснага рэагаваньня».
На пасяджэньні плянуецца «разгледзець дакумэнты, якія датычацца сумеснай падрыхтоўкі органаў кіраваньня і фармаваньняў сіл і сродкаў сыстэмы калектыўнай бясьпекі АДКБ, вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва» і інш.
Паведамляецца, што прадугледжаны «двухбаковыя сустрэчы кіраўнікоў вайсковых ведамстваў у пытаньнях узаемадзеяньня і вайсковага супрацоўніцтва».
Расейскія мэдыя паведамляюць, што міністар абароны РФ Сяргей Шайгу ўжо прыбыў у Менск.
- АДКБ — ваенна-палітычны блёк, мэтамі якога заяўлены «ўмацаваньне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі і стабільнасьці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту дзяржаў-членаў». У яго ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.