Губэрнатар Флорыды зьбіраецца афіцыйна запусьціць сваю прэзыдэнцкую кампанію 24 траўня падчас стрыму ў Twitter зь Іланам Маскам.
ДэСантыс стане галоўным канкурэнтам экс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў барацьбе за вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі.
На выбарах у лістападзе 2024 году кандыдат ад Рэспубліканскай партыі будзе змагацца з кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, імаверна, прэзыдэнтам Джо Байдэнам, які абвясьціў пра свой намер зноў балятавацца ў прэзыдэнты у красавіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп абвясьціў аб вылучэньні сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты ЗША, але ў яго ёсьць супернікі на намінацыю ад рэспубліканцаўЯк адзначае ВВС, пазыцыя ДэСантыса адносна вайны ва Ўкраіне істотна адрозьніваецца ад палітыкі адміністрацыі Байдэна.
У сакавіку ДэСантыс назваў гэтую вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай» паміж Расеяй і Ўкраінай. Яму давялося тлумачыцца пасьля рэзкай крытыкі ў ягоны адрас. Аднак губэрнатар Флорыды падкрэсьліў, што Расея ня мела права ўрывацца ў сувэрэнную краіну, але адзначыў, што «там шмат этнічных расейцаў».
У красавіку ДэСантыс, які раней скептычна выказваўся з нагоды шырокай амэрыканскай ваеннай дапамогі Кіеву, заклікаў да мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн афіцыйна аб'явіў аб намеры ўдзельнічаць у выбарах 2024 годуКіеў настойвае, што спачатку Ўкраіне павінныя быць вернутыя яе законныя тэрыторыі.
«Вы ня хочаце апынуцца ў сытуацыі, падобнай бітве пад Вэрдэнам, калі ў вас проста масавыя страты, вялікія выдаткі і ў канчатковым выніку патавая сытуацыя», — заявіў ДэСантыс у канцы красавіка.
У бітве пад Вэрдэнам, адной з самых крывавых падчас Першай сусьветнай вайны, было забіта каля 700 тысячаў чалавек.