Сьцісла:
- Расейская ўлада паказала, што ня здольная гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзян.
- Менскі рэжым разумее, што Расея ня здольная выйграць вайну.
- Ці пойдзе Крэмль на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску.
- У крытычны час па просьбе Ціханоўскай Захад можа аказаць ёй усялякую дапамогу.
— Як бы вы ацанілі белгарадзкія падзеі, калі, паводле ўкраінскага боку, «Расейскі добраахвотніцкі корпус» і легіён «Свабода Расеі», якія складаюцца з расейскіх грамадзянаў, пачалі «апэрацыю па вызваленьні гэтых тэрыторый ад так званага рэжыму Пуціна»? Якія зьмены такія апэрацыі могуць прынесьці ў псыхалягічным і ваенным сэнсе? Ці ўплывае гэта на інфармацыйны парадак дня і на расейскую грамадзкую думку?
— Безумоўна, уплывае, і самым неспрыяльным чынам для расейскай улады. Улада паказала, што ня здольная гарантаваць бясьпеку насельніцтва. А гэта адзін з асноўных элемэнтаў «грамадзкай дамовы» паміж уладай і насельніцтвам. Улада абавязваецца гарантаваць бясьпеку і нейкі мінімальны жыцьцёвы ўзровень, а народ абавязваецца быць ляяльным уладзе.
Але ўлада паказвае, што ня можа гарантаваць бясьпеку. Калі яна сутыкаецца не з інтэлігентнымі дысыдэнтамі, людзьмі, якія выходзяць з плякатамі на плошчу, а з узброенымі людзьмі, гатовымі забіваць праціўніка — тады яна пасуе. Два дні ўлада была бездапаможная перад сотняй узброеных людзей.
Зразумела, што насельніцтва гэта цудоўна пабачыла і зразумела. Глыбіннаму народу ўсё роўна, калі да яго зьвяртаюцца зь нейкімі абстракцыямі кшталту дэмакратыі альбо правоў чалавека (для расейскай масавай сьвядомасьці гэта дастаткова чужыя і далёкія паняткі), але пытаньне ўласнай бясьпекі — гэта вельмі канкрэтная рэч. І калі ўлада яе ня можа забясьпечыць, то, значыць, гэтая ўлада непрыдатная, яе трэба замяніць, альбо прынамсі нейкім чынам на яе ўзьдзейнічаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У легіёне «Свабода Расеі» расказалі, навошта пачалі дзеяньні ў Белгарадзкай вобласьці— Цікава было назіраць інфармацыйныя сутычкі вакол белгарадзкіх падзей. Расейская прапаганда і афіцыйныя асобы адразу пачалі заяўляць, што гэта ўкраінская дывэрсійная група, што расейскіх грамадзян там няма. Хоць на тых здымках, якія былі апублікаваныя, людзі ў вайсковай форме на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці не хаваюць сваіх твараў — і гэта былі рэальныя расейскія грамадзяне, яны маюць канкрэтныя прозьвішчы, іх пазналі ў сацыяльных сетках. Уладзе зь яе інфармацыйным рэсурсам удасца даказаць, што гэта былі ўкраінцы, а не расейскія грамадзяне?
— Для большасьці людзей усё роўна, хто прыйшоў — узброены апазыцыянэр ці ўкраінскі вайсковец. Чалавеку важна, каб улада яго была гатовая абараняць ад каго б там ні было. Нават калі гэта ўкраінцы — гэта значыць, што ўкраінскія вайскоўцы ваююць лепш за расейскіх, за расейскія сілы бясьпекі. Гэта абывацелю самае важнае.
— Тым часам на беларуска-ўкраінскай мяжы беларускія вайскоўцы ўзводзяць так званую «лінію Хрэніна», комплекс бэтонных супрацьтанкавых збудаваньняў. Плюс нядаўна быў уведзены надгляд зь беларускага боку беларуска-расейскай мяжы. Для чаго гэта робіцца? Ці то менскі рэжым ужо не давярае расейскаму саюзьніку, ці то рэальна баіцца атакі з тэрыторыі Ўкраіны?
— Я думаю, і тое, і другое. Калі менскі рэжым назірае, што адбываецца ва Ўкраіне, як ваюе Расея, то, як і большасьць людзей, якія сур’ёзна назіраюць за сытуацыяй, яны разумеюць, што Расея ня можа выйграць вайну. А як тэхнічна ўявіць сабе абарону рэжыму ў Беларусі, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны вырашаць перайсьці мяжу, каб гэты рэжым зьмяніць? Тады давядзецца перакідаць у Беларусь вялікую колькасьць войскаў, што будзе аслабляць расейскую армію на фронце ва Ўкраіне. У такім выпадку размова пойдзе не пра батальёны, а пра цэлыя брыгады.
Ці пойдзе на гэта Крэмль, на тое, каб аслабіць свае ваенныя пазыцыі ва Ўкраіне выключна дзеля таго, каб ратаваць рэжым Лукашэнкі? У гэтым могуць быць пэўныя сумневы, у тым ліку ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Гаюн: Беларусь за 20 кілямэтраў ад мяжы з Украінай будуе фартыфікацыю з «зубоў цмока»— Але вы ў гэтых развагах зусім не бераце ў разьлік саму беларускую армію? Яе ваенны патэнцыял можна ня ўлічваць?
— Паводле вядомай інфармацыі, баяздольная частка беларускай арміі — гэта 4 мотастралковыя брыгады, якія ня маюць баявога досьведу.
— Да таго ж вельмі слаба аснашчаныя тэхнікай, і частку ўзбраеньняў ужо аддалі Расеі.
— Абсалютна слушна. І ці можа быць Лукашэнка ўпэўнены, што войска будзе абараняць ягоную ўладу цаной уласнага жыцьця? Па-рознаму можа быць. Але мне падаецца, што не карыстаецца ён такой падтрымкай ва Ўзброеных сілах. Зразумела, што ў звычайнай мірнай сытуацыі вайскоўцы зьнешне ляяльныя. Але ў выпадку крызісу, у выпадку вайны — хто яго ведае?
— Былы намесьнік міністра абароны Польшчы генэрал Вальдэмар Скшыпчак заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. «Гаворка пра тое, каб мы не праспалі гэты момант, — падкрэсьліў ён. — Трэба быць гатовымі падтрымаць войскі, якія будуць праводзіць апэрацыю супраць Лукашэнкі». Нярэдка беларусы скардзяцца, што ў шырокім сэнсе Захад недастаткова сур’ёзна ўспрымае сытуацыю ў Беларусі. Ці можна сказаць, што, улічваючы такія заявы, нешта ў гэтым сэнсе мяняецца і суседзі Беларусі гатовыя на больш рэзкія крокі?
— Я сачу за выступамі і тэкстамі генэрала Скшыпчака. Гэты чалавек, безумоўна, на мой погляд, вельмі разумны і дасьведчаны. Тое, што ён выказаў, сьведчыць, як мне падаецца, што ён мае пэўную інфармацыю адносна таго, як складаюцца справы ў Беларусі і ў беларускай апазыцыі. Таму гэта вельмі сур’ёзная ацэнка.
Калі сапраўды полк Каліноўскага зьявіцца ў Беларусі і здолее ваяваць зь сіламі бясьпекі (найхутчэй, ня з арміяй, а зь сіламі бясьпекі) — тады польскія ўлады могуць, напрыклад, даць дазвол на запіс у добраахвотнікі, якія гатовыя ваяваць на баку палку Каліноўскага. Таксама могуць даць дазвол на пастаўкі зброі і абсталяваньня гэтым сілам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-намесьнік міністра абароны Польшчы заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі— Некаторыя беларусы выказваюць такую вэрсію, што нават пасьля перамогі Ўкраіны ў вайне з Расеяй (пры ўсёй умоўнасьці таго, што можна будзе назваць перамогай) і Захад, і Ўкраіна могуць пакінуць адносіны з дыктатарскім беларускім рэжымам на ўзроўні, як і раней, business as usual. Ці лічыце вы гэта магчымым, ці ўсё ж суседзі Беларусі разумеюць, што гэты стратэгічны «балькон» нельга пакідаць прарасейскай дыктатарскай уладзе, і зробяць усё магчымае, каб гэтага не адбылося?
— Я думаю, у выпадку перамогі Ўкраіны лёс Лукашэнкі будзе вырашаны. Пытаньне ў тым, якім чынам гэта адбудзецца, чыімі рукамі, у якой форме. Ці будзе гэта выступ беларускіх вайскоўцаў, ці будзе гэта вяртаньне да дэмакратычных працэдураў — можа быць па-рознаму. Невыпадкова Ціханоўскую прызнаю́ць на Захадзе фактычна як законна абраную прэзыдэнтку Беларусі. І паколькі прызнаю́ць, то ў нейкім варыянце можна па яе просьбе аказаць ёй падтрымку ў самай рознай форме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можам атрымаць рэжым, горшы, чым пры Лукашэнку». Экспэрт прадказвае вайсковую дыктатуру ў Беларусі