На фоне крытыкі плянаў ператварыць у паліцэйскі ўчастак дом, дзе ў дзяцінстве жыў Гітлер, улады Аўстрыі вырашылі вучыць там паліцыянтаў правам чалавека, піша BBC.
У разьмешчаным у аўстрыйскім горадзе Браўнаў-на-Іне доме, дзе правёў частку дзяцінства Адольф Гітлер, мяркуецца стварыць цэнтар для правядзеньня сэмінараў аб правах чалавека для супрацоўнікаў паліцыі.
Раней Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі мела намер адкрыць у былым доме Гітлера паліцэйскі ўчастак, але гэтыя пляны раскрытыкавалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, ініцыятыва пад назвай Diskurs Hitlerhaus запатрабавала стварыць у доме Гітлера музей або месца для сустрэч грамадзян з мэтай адукацыі і абмену досьведам і ўспамінамі.
У сваю чаргу прадстаўнікі экспэртнай камісіі МУС Аўстрыі, якая распрацоўвала плян выкарыстаньня дома Гітлера, падкрэсьліваюць, што галоўнае для іх — «пазытыўная праца», якая будзе праходзіць у гэтым месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далучыўся да агрэсара, бо не было іншага выйсьця». Пра які канец вайны марыць ЛукашэнкаНацыяналізацыя дома Гітлера ў Аўстрыі
У сьнежні 2016 году ўрад Аўстрыі прыняў, а парлямэнт краіны падтрымаў рашэньне аб нацыяналізацыі будынка былога гатэля «Ля памяранца», у якім Адольф Гітлер жыў з маленства і да трох гадоў.
У гады Другой сусьветнай вайны будынак выкарыстоўваўся ў якасьці культурнага цэнтру. Падчас адступленьня нацыстаў з Аўстрыі яго спрабавалі ўзарваць, але не пасьпелі, бо туды прыйшлі амэрыканскія войскі. Пасьля вайны тут знаходзілася спачатку бібліятэка, потым школа, а яшчэ пазней — майстэрня для інвалідаў. У 1952 годзе дом быў перададзены сям’і яго цяперашніх гаспадароў у якасьці кампэнсацыі. З 2011 году ён пуставаў.
У 2016 годзе МУС краіны разглядала планы зьнесьці гэты дом да падмурка. Аднак на гэты крок не пайшлі, бо будынак лічыцца помнікам архітэктуры ХVІІ стагодзьдзя. З 1993 году ён уваходзіць у архітэктурную групу Зальцбургскага прадмесьця і знаходзіцца пад абаронай закону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маштаб пакутаў быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі». Гісторык Тымаці Снайдэр пра тое, як Расея зрабіла прывабнай сваю імпэрскую рыторыку