Юрфак БДУ апублікаваў «пакаяльнае» відэа са студэнтам. Адвакатка патлумачыла, чаму гэта незаконна

Сілавікі на пратэсьце студэнтаў у Менску, Беларусь. Верасень 2020

Увечары 23 траўня адміністрацыя юрыдычнага факультэта БДУ запісала так званае «пакаяльнае» відэа з адным са сваіх студэнтаў і апублікавала яго ў сваім афіцыйным акаўнце.

Хлопца прымусілі на камэру сказаць, што ён каецца ў распаўсюдзе зьвестак, якія дыскрэдытуюць адміністрацыю і БРСМ. На гэта зьвярнула ўвагу адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Яна піша, што гэта прамое парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ва ўчыненьні забароненых дзеяньняў.

На яе думку, відэа парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зьневажальнаму абыходжаньню ці катаваньням. Марыя Колесава-Гудзіліна выказала ўпэўненасьць у тым, што адказных за здымку гэтага відэа можна прыцягнуць да адказнасьці.

«Гэта падпадае пад кваліфікацыю арт. 426 Крымінальнага кодэксу (злачынства супраць чалавечнасьці, якое зьдзяйсьняецца прадстаўніком дзяржавы)», — піша Колесава-Гудзіліна.

Падобныя відэа з затрыманымі апанэнтамі ўладаў публікуюць пралукашэнкаўскія рэсурсы, што праваабаронцы лічаць грубым парушэьнем законаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 траўня: беларуса затрымалі за набітыя на целе Пагоню і герб Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-дацэнтцы МДЛУ Дулінай прысудзілі 3,5 года зьняволеньня за камэнтар незалежнаму мэдыя