Лукашэнка накіраваўся ў Маскву на 14-ю сустрэчу з Пуціным за час вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, 6 красавіка 2023

Аляксандар Лукашэнка паляцеў у Расею зь візытам, які працягнецца да 25 траўня.

На пленарным паседжаньні ІІ Эўразійскага эканамічнага форуму 24 траўня ў Маскве Лукашэнка зьбіраецца «прадставіць пазыцыю і прыярытэты Беларусі ў ключавых пытаньнях супрацоўніцтва», піша БелТА.

25 траўня Лукашэнка возьме ўдзел у саміце Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. Паводле афіцыйнай інфармацыі, бакі абмяркуюць фінансаваньне сумесных каапэрацыйных праектаў у прамысловасьці, лібэралізацыю ў асобных сэктарах паслуг, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з асноўнымі партнэрамі ЭАЭС.

На пачатку тыдня Лукашэнка заявіў, што 24 траўня адбудзецца ягоная чарговая сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Паводле яго, на перамовах плянуецца «абмеркаваць і зьняць тыя праблемы, якія ўвогуле не павінны быць у нашых адносінах». Гэта будзе ягоная 14-я сустрэча з Пуціным за час поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне пры падтрымцы беларускіх уладаў.

ЭАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая мае міжнародную правасуб’ектнасьць. Яе сябрамі зьяўляюцца Беларусь, Казахстан і Расея (з 1 студзеня 2015 году), а таксама Армэнія (з 2 студзеня 2015 году) і Кіргізстан (з 12 жніўня 2015-га). Пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з ЭАЭС падпісалі Віетнам, Сэрбія і Сынгапур.

На Беларусь за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў нападзе Расеі на Ўкраіну наклалі санкцыі дзясяткі дзяржаў. Беларусь прадаставіла расейцам тэрыторыю, аэрадромы, спэцыялістаў-рамонтнікаў і мэдыкаў на дапамогу, але паўнавартасна ў вайну не ўступіла, нягледзячы на шматлікія паведамленьні аб тым, што беларускае войска рыхтуецца перасячы мяжу з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можам атрымаць рэжым, горшы, чым пры Лукашэнку». Экспэрт прадказвае вайсковую дыктатуру ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён паказаў мне мапу». Экс-дарадца прэзыдэнта ЗША Джон Болтан пра сустрэчу з Лукашэнкам, Макеем і санкцыі