Раніцай 24 траўня ратавальнікі аднавілі наземную пошукавую апэрацыю. Яны плянуюць падняцца да штурмавога лягера і абсьледаваць мясцовасьць, у тым ліку пад вяршыняй гары Ўцюг.
Ратавальнікі аднавілі пошукі зьніклай незарэгістраванай групы турыстаў з Беларусі, піша тэлеграм-канал 112.
Супрацоўнікі МНС апыталі мясцовых жыхароў і работнікаў аб магчымым месцазнаходжаньні зьніклых.
Апэрацыя па пошуку на Эльбрусе зьніклай групы беларускіх турыстаў працягваецца, паведамляе ўпраўленьне МНС Расіі па Карачаева-Чаркескай Рэспубліцы.
«Наземная групоўка ратавальнікаў з самай раніцы працягнула пошук і выйшла пад ніжнія начлегі ля вяршыні гары Ўцюг, абсьледаваўшы ўчастак. Пошукі ўскладняюцца пагаршэньнем умоў надвор’я і складаным горным рэльефам мясцовасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.
У пошуках удзельнічае больш за 80 чалавек, задзейнічана 24 адзінкі тэхнікі, бесьпілётны лятальны апарат і верталёт Мі-8.
Турысты прапалі 21 траўня, калі падымаліся па заходнім схіле Эльбруса. Турысты ўзыходзілі на гару па заходнім схіле, але ў адзін момант перасталі выходзіць на сувязь. Група не рэгістравалася ў адпаведным пункце.
На іх пошукі адправіліся ратавальнікі, у тым ліку на верталёце Мі-8.
Пракуратура Карчаеўскага раёну распачала праверку ў сувязі са зьнікненьнем групы беларускіх турыстаў на Эльбрусе.
«Паводле папярэдніх зьвестак, група не была зарэгістраваная, у вызначаны тэрмін турысты ня выйшлі на сувязь. Падчас праверкі будзе дадзена ацэнка выкананьню патрабаваньняў заканадаўства, зьвязанага з аказаньнем турыстычных паслуг, разгледжана пытаньне аб неабходнасьці прыняцьця захадаў пракурорскага рэагаваньня», — паведамляе ведамства.
Эльбрус — стратавулькан на Каўказе. Яго вышыня складае 5642 мэтры над узроўнем мора.