Абарона Соф’і Сапегі папрасіла перанесьці ва Ўладзівасток слуханьне справы аб яе пераводзе зь Беларусі ў Расею, суд адклалі да 1 чэрвеня.
Абарона Соф'і Сапегі, якую беларускія праваабаронцы прызналі палітзьняволенай, на пасяджэньні Прэсьненскага суду Масквы 24 траўня папрасіла перанесьці ва Ўладзівасток слуханьне справы аб яе пераводзе зь Беларусі ў Расею, паведамляе ТАСС.
Просьба аргумэнтаваная тым, што Сапега прапісаная на востраве Рускім (за кілямэтар ад Уладзівастоку). У сувязі з гэтым судзьдзя пастанавіла перанесьці паседжаньне на 1 чэрвеня, каб бок абвінавачаньня азнаёміўся з гэтым хадайніцтвам.
Вырак суду па гэтым пытаньні накіруюць у кампэтэнтны орган Беларусі для прыняцьця канчатковага рашэньня адносна перадачы асуджанай.
Палітзьняволеная раней выказала жаданьне адбыць рэшту тэрміну ў краіне свайго грамадзянства, Расеі.
У сярэдзіне красавіка ў гутарцы з консулам палітзьняволеная не выказвала скаргаў на ўмовы ўтрыманьня і стан свайго здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве прызначыў дату разгляду справы аб экстрадыцыі Соф’і Сапегі- Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 году разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце, пасьля таго як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Пара вярталася з адпачынку.
- Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраваньні тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў.
- Суд пачаўся 28 сакавіка 2022 году і праходзіў у закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачаньні паводле сямі артыкулаў, але вінаватай прызналі паводле двух — ч. 3 арт. 130 і ч. 1 арт. 179.
- Ёй прысудзілі 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. У калёніі Сапега працуе швачкай. Раней у перапісцы яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць безь перапынку, здароўе ад стрэсу не паляпшаецца. У адным зь лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што тая забярэ яе з калёніі.
- У студзені 2023 году Соф’і Сапезе адмовілі ў памілаваньні, нягледзячы на выплату грашовай кампэнсацыі.