Камандаваньне «зводнай казачай брыгады „Дон“», якая дзейнічае на тэрыторыі акупаванага Расеяй Данбасу, зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай выдаць ім Рамана Пратасевіча.
Як піша расейскае выданьне «Московский комсомолец» («МК»),
яны просяць Лукашэнку «перадаць яго брыгадзе, каб ён атрымаў шанец загладзіць сваю віну перад народам Данбаса». Калі ж Лукашэнка ад гэтага адмовіцца, дык казакі просяць перадаць Пратасевіча «ў рукі луганскіх і данецкіх пракурораў».
Сваю просьбу «казакі» матывуюць тым, што, як яны лічаць, у свой час Пратасевіч нібыта ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях у на Данбасе ў складзе палку «Азоў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнка «прывязвае» Пратасевіча да вайны на Данбасе. Камэнтары экспэртаў- У канцы траўня 2021 году КДБ Беларусі заявіў, што Раман Пратасевіч нібыта ўдзельнічаў у апэрацыях батальёну «Азоў» ва Ўкраіне. Пра гэта падчас прамовы ў Палаце прадстаўнікоў казаў і Аляксандар Лукашэнка.
- Заснавальнік і першы камандзір добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Андрэй Білецкі цалкам абверг словы Тэртэля і Лукашэнкі, заявіўшы, што затрыманы ў Менску журналіст і блогер не ваяваў, а працаваў як журналіст.
- У чэрвені 2021 году генпракурор так званай «ЛНР» Сяргей Горанка заявіў, што Лукашэнка дазволіў луганскім сьледчым дапытаць Пратасевіча і што ведамства нібыта атрымала «неабвержныя доказы» датычнасьці Пратасевіча да «дзейнасьці забароненай у ЛНР нацыяналістычнай праўкраінскай групоўкі „Азоў“, зьверскіх забойстваў мірных грамадзян Данбасу ў 2014–2015 гг., выкарыстаньня забароненых сродкаў і мэтадаў вайны».
- Пратасевіч абверг інфармацыю аб яго допыце прадстаўнікамі так званай «ЛНР».
- Рамана Пратасевіча судзілі разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам. Апошніх двух — завочна. Іх абвінавацілі ў распальваньні варожасьці, арганізацыі масавых беспарадкаў, публічных закліках да захопу ўлады, паклёпе на Лукашэнку і закліках да тэрарызму.
- У пачатку траўня 2023 году Менскі абласны суд прысудзіў Сьцяпану Пуцілу 20 гадоў калёніі, Яну Рудзіку — 19, абодвум завочна. Пратасевіча асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў «справе Nexta». Аднак яго не ўзялі пад варту ў залі суду, а пакінулі пад хатнім арыштам.
- 23 траўня 2023 году Раман Пратасевіч паведаміў, што Лукашэнка яго памілаваў.