У Музэі антытэрарыстычнай апэрацыі 23 траўня адкрылі выстаўку «З Украінай у сэрцы», прысьвечаную беларускім добраахвотнікам, якія загінулі ва Ўкраіне.
Выстаўку арганізавалі дабрачынны фонд «Вільна Білорусь», музэй «Вільна Білорусь з Україною в серці» і грамадзкая арганізацыя «Форпост».
На выстаўцы прадставілі партрэты загінулых ва Ўкраіне беларусаў і гісторыі іхнага жыцьця — фатаздымкі Міхася Жызьнеўскага, які першым загінуў у часе масавых акцый пратэсту ў 2014 годзе, і яшчэ каля дваццаці байцоў-беларусаў, якія загінулі цяпер на расейска-ўкраінскай вайне.
Адкрыцьцё выстаўкі пачалося з малітвы аб загінулых.
Алена Гергель, жонка беларускага добраахвотніка і актывіста Васіля Парфянкова, расказала, што са сваім мужам яна пазнаёмілася ў канцы 2014 году. Васіль быў удзельнікам Антытэрарыстычнай апэрацыі, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ваяваў на кіеўскім і луганскім кірунках.
«Усё сваё сьвядомае жыцьцё, з 16–17 гадоў, ён змагаўся за свабоду Беларусі, неаднаразова быў зьняволены рэжымам Лукашэнкі, адчуваў на сабе рэпрэсіі ў Беларусі. Быў узнагароджаны рознымі ўзнагародамі, у тым ліку як палітвязень. Прыехаў ва Ўкраіну ў час Майдану, ваяваў у добраахвотніцкім батальёне... Загінуў Васіль разам з двума пабрацімамі-беларусамі пад Лісічанскам. Яны загінулі гераічна — дапамаглі навесьці нашу артылерыю на варожую тэхніку. На жаль, целы хлопцаў не было магчымасьці забраць», — сказала Алена Гергель.
Арганізатары ўдакладнілі, што зь меркаваньняў бясьпекі на выстаўцы паказваюць ня ўсіх загінулых на вайне беларусаў, бо ў некаторых зь іх у Беларусі застаюцца сваякі.
Пасьля Дніпра выстаўку перавязуць у Запарожжа, а потым у Літву і Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве стварылі мэмарыял у гонар усіх загінулых беларускіх ваяроў