Праграма супрацоўніцтва ўключае 199 пунктаў. У рамках навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ плянуюць паставіць на шасі Менскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) і іншых беларускіх прадпрыемстваў некалькі ўзораў расейскіх комплексаў:
- зэнітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр-С1»;
- супрацьтанкавым ракетны комплекс «Карнэт-Э/ЭМ»;
- баявыя аддзяленьні «Бераг» і «Бережок».
Ёсьць ідэя стварыць колавы варыянт зэнітнага ракетнага комплексу малой далёкасьці «Сосна» на шасі «Volat».
ААТ «Пеленг» і расейскі НДІ «Сигнал» павінны стварыць малагабарытны аўтаматызаваны комплекс сродкаў артылерыйскага падразьдзяленьня для расейскай арміі, прыдатны для нашэньня або перавозкі.
«Інтэграл» будзе ствараць пэрспэктыўную кампанэнтную базу для «Канцэрну паветрана-касьмічнай абароны «Алмаз-Антей».
Пагадненьне прадугледжвае распрацоўку прыцэльных комплексаў зь цеплавізарам для БТР-82А, модуля «Арбалет-Д» і іншай пэрспэктыўнай бранятанкавай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны камітэт вайсковай прамысловасьці заявіў, што заключыў новыя кантракты на 265 млн даляраўУ рамках інтэграцыі абаронна-прамысловага комплексу краін заплянаваны:
- стварэньне зводу правілаў па пасьляпродажным абслугоўваньні самалётаў Як-130, Су-30СМ з удзелам ААТ «558-ы Авіяцыйны рамонтны завод», а таксама тэхнічны аўдыт прадпрыемства на прадмет капітальнага рамонту вайсковых верталётаў;
- прапрацоўка стварэньня сэрвіснага цэнтру на базе ААТ «2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраеньня» па рамонце і абслугоўваньні ЗРК «Тор-М2К»;
- арганізацыя сумеснай буйнавузлавой зборкі БТР-82А і іх сэрвіснага абслугоўваньня на беларускіх прадпрыемствах з устаноўкай беларускай оптыкі і сродкаў сувязі;
- арганізацыя сумеснай вытворчасьці радыёстанцый, шлемафонаў і іншай апаратуры сувязі для бранятэхнікі.
У праграму таксама заклалі пляны пастаўкі прадукцыі і паслуг вайсковага прызначэньня зь Беларусі ў інтарэсах Расеі. Гэта і мэтэаралягічнае абсталяваньне, прыцэлы для бранятэхнікі ад «Пеленгу», сыстэмы адлюстраваньня інфармацыі ад «Гарызонту», пастаўкі шасі МЗКЦ для розных відаў вайсковай тэхнікі, паслугі па сэрвісным абслугоўваньні і капрамонце, пастаўкі электронных кампанэнтаў, оптыка-электроннага абсталяваньня і іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прызналі павелічэньне паставак узбраеньняў у Расею ў сувязі з вайнойЗ Расеі ў Беларусь плянуюць паставіць зьнішчальнікі Су-30СМ, а таксама комплексны трэнажор для навучаньня пілётаў кіраваньню гэтымі самалётамі. Заплянаваны пастаўкі авіяцыйных сродкаў паражэньня, запчастак. Таксама Беларусь павінна атрымаць аўтаматызаваную сыстэму кантролю «АКА-1». Самалёты Як-130 будуць даабсталяваныя пад устаноўку БКА «Талісман».
Праграма ўключае таксама пастаўкі верталётаў Мі-35М і Мі-8МТВ-5, парашутна-дэсантную тэхніку, самалёты Як-130, ЗРК «Тор-М2К», ПЗРК «Верба» 9КЗЗЗ. Зэнітныя самаходныя ўстаноўкі «Тунгуска» плянуецца мадэрнізаваць да ўзроўню 2С6М1, будуць мадэрнізаваны гаўбіцы «Акация» і «Гвоздика», танкі Т-72.
Таксама Расея будзе пастаўляць супрацьтанкавыя ракеты 9М120 «Атака», 9М113М «Конкурс-М», гранатамёт РПГ-26 «Аглень», снарады калібру 152 мм, іншыя боепрыпасы.
Праграма ахоплівае 2022-2025 гады. Reform.by мяркуе, што калі судзіць па паведамленьнях Мінабароны Беларусі і Дзяржаўнага камітэту вайсковай прамысловасьці, частку пунктаў пагадненьня ўжо рэалізавалі летась, у прыватнасьці капітальны рамонт комплексаў С-300, пастаўку «Тораў» і іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандуючы аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны — пра тое, якім чынам кіраўніцтва Беларусі абмежавала вайсковае супрацоўніцтва з РасеяйВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.