Узнагароды ўручылі сваякам палітычных вязьняў, а таксама родным беларусаў, якія аддалі жыцьці за свабоду Беларусі і былі ўзнагароджаныя Радаю БНР пасьмяротна.
Рэпартаж з урачыстасьці апублікаваў «Белсат». Адзінай узнагароджанай асабіста стала журналістка «Белсату», былая палітзьняволеная Дар’я Чульцова.
Падчас цырымоніі, якая прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве, кіраўнік Саюзу беларусаў Польшчы Яўген Вапа перадаў мэдалі Ордэну «Пагоні» сваякам і сябрам палітзьняволеных Уладзімера Гундара, Дзяніса Івашына і Паліны Шарэнды-Панасюк.
Пасьмяротна ордэнамі ўзнагароджаныя Мікіта Крыўцоў, Раман Бандарэнка, Эдуард Лобаў і Васіль Грудовік.
- Мэдаль Ордэну «Пагоні» быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх, вайсковых, культурных і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае ўзнагароджаньне адбылося ў лістападзе 2022 году. Тады мэдалём былі ўзнагароджаныя беларускія добраахвотнікі, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама пратэстоўцы, якія загінулі ў Беларусі падчас падзеяў 2020–2021 гг.