Па словах чыноўніцы, колькасьць адмоваў у выдачы дазволу на жыхарства рэзка вырасла за апошні год, пасьля ўвядзеньня адмысловай анкеты пра стаўленьне да вайны Расеі супраць Украіны. Кожны месяц некалькі дзясяткаў чалавек у анкеце пішуць, што падтрымліваюць Расею і яе матывы.
Так, Эвеліна Гудзінскайце расказала Delfi, што з прычыны «пагроз бясьпецы» сёлета 309 беларусаў і 38 расейцаў не атрымалі дазволу на жыхарства ў Літве.
«Былі і такія, якім дазвол на жыхарства ня выдалі зь іншых прычынаў, але большая частка іншаземцаў усё ж не атрымала яго з прычыны пагрозы бясьпецы», — сказала кіраўніца літоўскай міграцыйнай службы. — У гэты лік уваходзяць і тыя беларусы і расейцы, якія даўно жывуць у Літве і павінны былі падоўжыць дазвол на жыхарства.
Летась, у першы год вайны, у дазволе на жыхарства ў Літве адмовілі 163 грамадзянам розных краін з розных прычынаў (зь іх усяго 32 праз пагрозу бясьпецы).
«Рост значны», — падкрэсьліла Гудзінскайце.
Па яе словах, нягледзячы на тое, што пазыцыя Літвы ў адносінах да вайны недвухсэнсоўная і добра вядомая, кожны месяц некалькі дзясяткаў чалавек у анкеце паказваюць, што падтрымліваюць Расею і яе матывы.
«Гэта зьдзіўляе. Людзі вераць таму, што гавораць беларускі і расейскі рэжымы, глядзяць і слухаюць прапаганду, жывуць у тым сьвеце», — сказала дырэктарка дэпартамэнту міграцыі пры МУС Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плынь эміграцыі зь Беларусі не зьмяншаецца, яна толькі расьце». Размова з кіраўніцай Дэпартамэнту міграцыі Літвы