Чэскія дэпутаты сустрэліся з былымі палітвязьнямі і сваякамі несправядліва асуджаных беларусаў

Фота пасьля сустрэчы. Некаторыя ўдзельнікі зь беларускага боку не маглі фатаграфавацца зь меркаваньняў бясьпекі

Што могуць зрабіць чэскія парлямэнтары для палітвязьняў у Беларусі? Гэтае пытаньне было галоўным на сустрэчы чэскай парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі з былымі палітзьняволенымі, а таксама сваякамі несправядліва асуджаных. Група была ўтвораная ў чэскім парлямэнце ў 2022 годзе пасьля другога візыту Святланы Ціханоўскай у Чэхію.

Ініцыяваў сустрэчу Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі напярэдадні Дня палітвязьняў 21 траўня, які сёлета супаў з чэскай найбуйнейшай грамадзкай паніхідай па ахвярах нацызму ў Тэрэзіне. Да сустрэчы 19 траўня далучыліся старшыня парлямэнту Маркета Пэкарава Адамава і віцэ-старшыня Ольга Рыхтарава.

«Гэта сьведчыць пра неабыякавасьць палаты дэпутатаў да тэмы палітзьняволеных у Беларусі, — кажа Крысціна Шыянок, дырэктарка офісу. — Важны аспэкт, што чальцы групы сустрэліся зь беларускімі экс-палітвязьнямі разам, як прадстаўнікі кааліцыйных партый, бо, як падкрэсьліла спадарыня Рыхтарава, «падтрымка свабоднай Беларусі і людзей, якія хочуць свабодныя выбары, а не Лукашэнкаў урад страху, ясная справа для нас усіх».

«Мы не забыліся і працягваем падтрымліваць беларускую апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць. Імкненьне да дэмакратыі нельга назаўжды заглушыць арыштамі», — напісала старшыня парлямэнту Маркета Пэкарава Адамава на сваёй старонцы ў Твітэры.

Як адзначае Крысьціна Шыянок, чэскія дэпутаты і дэпутаткі былі ўражаныя аповедам пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, які прагучаў з вуснаў тых, хто праз гэтыя турмы прайшоў, а таксама апісаньнем сваякамі таго, як выглядае жыцьцё палітзьняволеных, якія былі прызнаныя схільнымі да экстрэмізму альбо ўнесеныя ў сьпіс тэрарыстаў, як дзядзька адной з удзельніц сустрэчы.

«Да нас прыйшлі маладыя дзяўчаты, якія на ўласным досьведзе адчулі жахі, што чыніць рэжым Лукашэнкі, — піша дэпутат Марэк Жэнішэк. — Мы не павінны быць абыякавымі да сытуацыі ў Беларусі. Дзеля ўсіх тых, хто змагаецца за свабоду і цяпер за гэта пакараны. Мы добра ведаем са свайго досьведу, на што здольная моцная замежная падтрымка».

Сярод пытаньняў, якія гучалі ад чэскага боку, было і тое, ці варта камунікаваць з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі наконт умоваў утрыманьня і магчымага вызваленьня палітычных вязьняў. Паводле Крысьціны Шыянок, удзельнікі сустрэчы казалі, што са злачыннай сыстэмай ня варта весьці клясычны палітычны дыялёг, але пры гэтым трэба гаварыць пра наступствы злачынных дзеяньняў: «Гэта можна рабіць і ў выглядзе публічных лістоў да кіраўніцтва канкрэтных турмаў і калёній, а таксама публічна дамагацца адказаў на пытаньні пра месцазнаходжаньне і стан здароўя палітвязьняў, пра якіх працяглы час няма ніякіх зьвестак. Пра ўсё гэта мы папрасілі нашых чэскіх сяброў».

Напрыканцы сустрэчы дэпутаты парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі падпісала паштоўкі ў беларускія турмы, а некаторыя яе чальцы прынялі рашэньне стаць хроснымі канкрэтных палітвязьняў.

Маркета Пэкарава Адамава і дэпутат Хаято Окамура на сустрэчы

Вось што напісала віцэ-старшыня чэскага парлямэнту Ольга Рыхтарава: «Я сустракаюся з некалькімі былымі палітвязьнямі з Беларусі. Але многія іншыя застаюцца ў турме. На сёньняшні дзень у Беларусі больш за паўтары тысячы палітвязьняў. Масавыя арышты, зьняволеньні і катаваньні па абвінавачваньні ў „сур’ёзным парушэньні грамадзкага парадку“ пачаліся пасьля пратэстаў, якія стыхійна ўспыхнулі ў Беларусі ў адказ на сфальсыфікаваныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года. Лукашэнкаўскі тэрор. Падтрымка палітвязьняў у таталітарных рэжымах дапамагае ім і практычна. Рэжым ведае, што нехта сочыць за лёсам чалавека, і такая падтрымка дапамагае. Таму я з імі сустракаюся, таму я іх падтрымліваю і хачу іх пачуць. І таму я вырашыла падтрымаць адну з несправядліва зьняволеных. Прадстаўлю вам яе гісторыю ў нядзелю, калі мы будзем узгадваць Дзень беларускіх палітвязьняў».