Яна заявіла на мітынгу, што Малдова павінна ўступіць у ЭЗ у найбліжэйшыя 7 гадоў — да 2030 году, перадае малдаўская служба Радыё Свабода.
«Сёньня, 21 траўня 2023 году, мы зноў сабраліся тут усёй нацыяй, каб у адзін голас сказаць, што малдаване — эўрапейцы і што праз сем гадоў мы павінны стаць чальцамі ЭЗ», — сказала Санду.
Прэзыдэнтка расказала пра перашкоды, празь якія краіна не магла ісьці эўрапейскім шляхам. Па словах Санду, пасля ўступлення ў ЭЗ Малдова нарэшце будзе ў бясьпецы.
«Гэтая вайна паказвае, што мы больш ня хочам, каб Крэмль шантажаваў нас», — падкрэсьліла прэзыдэнтка Малдовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова разглядае сяброўства ў Эўразьвязе як шчыт ад расейскай агрэсіі, — прэзыдэнтка СандуМая Санду папрасіла грамадзян краіны засяродзіцца на тым, што іх аб’ядноўвае, а менавіта на жаданьні жыць у ЭЗ, незалежна ад мовы ці рэлігіі. Яна таксама зьвярнулася да прысутных на расейскай, украінскай і гагаускай мовах, падкрэсьліваючы, што эўраінтэграцыя ёсьць гарантыяй правоў нацыянальных меншасьцяў.
У выніку мітынгу ў Кішынэве была прынятая рэзалюцыя, у якой гаворыцца, што Малдова імкнецца стаць паўнапраўнай часткай Эўразьвязу. Удзельнікі сходу заклікалі ўсе палітычныя сілы падтрымаць эўрапейскі курс краіны.
Паліцыя паведаміла, што ў мітынгу ў Кішынёве бралі ўдзел ад 75 да 80 тысяч чалавек.
Тым часам у сталіцы малдаўскай аўтаноміі Гагаузіі, Камраце, прайшоў альтэрнатыўны мітынг, на ім выступіў беглы алігарх Ілан Шор, прыгавораны ў Малдове да 15 гадоў зьняволеньня. Ён цяпер ў Ізраілі і абяцае «Вялікую Малдову», сьцьвярджаючы, што краіна «ўстане з каленяў» бязь нечай дапамогі.