Генэральны сакратар ААН заклікаў рэфармаваць Раду бясьпекі і Брэтан-Вудзкую сыстэму

Антоніё Гутэрыш

Антоніё Гутэрыш лічыць, што неабходна прывесьці гэтыя інстытуты ў адпаведнасьць з «рэаліямі сёньняшняга сьвету».

Абодва фарматы адлюстроўваюць балянс сіл на момант заканчэньня Другой сусьветнай вайны і маюць патрэбу ў абнаўленьні, сказаў Антоніё Гутэрыш журналістам на саміце G7 у Хірасіме, паведамляе DW.

«Глябальная фінансавая архітэктура састарэла», яна «дысфункцыянальная і несправядлівая», — зазначыў ён.

«На фоне эканамічных узрушэньняў ад пандэміі COVID-19 і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну яна не змагла выканаць сваю асноўную функцыю ў якасьці глябальнай страховачнай сеткі», — упэўнены Гутэрыш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога ў практычным сэнсе зроблена не было», — прадстаўнік Беларусі ў ААН пра пляны Расеі разьмясьціць ядзерную зброю

Рада бясьпекі — адзін з шасьці «галоўных органаў» ААН, стварылі ў 1945 годзе.

Раней рэфармаваць Раду бясьпекі ўжо заклікалі Японія, Злучаныя Штаты і краіны Эўразьвязу.

У сьнежні 2022 году Ўкраіна заклікала пазбавіць Расею статусу пастаяннага члена Рады бясьпекі і выключыць яе з ААН за разьвязаную вайну. Выключэньня не адбылося.

Асновы Брэтан-Вудзкай сыстэмы вызначаныя на канфэрэнцыі ААН у 1944 годзе. Яны паклалі пачатак такім арганізацыям, як Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Міжнародны валютны фонд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Японія і краіны ЭЗ заклікалі да рэформы Рады Бясьпекі ААН