У сталіцы Сэрбіі Бялградзе напярэдадні прайшоў шматтысячны мітынг супраць гвалту ў краіне, паведамляе Reuters. Гэта ўжо трэцяя масавая акцыя з пачатку траўня.
Пратэстоўцы незадаволеныя дзеяньнямі ўладаў пасьля двух выпадкаў страляніны, у выніку якіх загінулі 18 чалавек, у тым ліку дзеці. Мітынгоўцы заклікаюць прэзыдэнта Аляксандра Вучыча, міністра ўнутраных спраў Браціслава Гашыча і кіраўніка службы бясьпекі Аляксандра Вуліна пайсьці ў адстаўку.
Таксама пратэстоўцы патрабуюць забраць ліцэнзіі ў дзьвюх тэлевізійных сетак, якія, на іх думку, прапагандуюць гвалт і выказваюцца пазытыўна пра крымінальных асобаў.
Апазыцыйныя партыі, якія арганізавалі пратэсты, сьцьвярджаюць, што страляніны ў краіне адбыліся з прычыны «культуры гвалту», якая прапагандуецца праз мэдыя.
Мітынгоўцы прайшлі па сталіцы, спыніўшы рух на галоўным мосьце і шашы, які праходзіць праз горад.
Улады Сэрбіі адмаўляюць абвінавачаньні апазыцыйных партый. Прэм’ер-міністарка краіны Ана Брнабіч сказала, што ўлады не нясуць адказнасьці за выпадкі страляніны, і назвала апазыцыйных дэпутатаў «ядром гвалту». Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што пратэсты апазыцыі былі арганізаваныя Захадам. Ён абвінаваціў сваіх палітычных апанэнтаў у спробе захапіць уладу з дапамогай гвалту і «зьнішчыць Сэрбію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем чалавек загінулі ў другой масавай страляніне за некалькі дзён у Сэрбіі- 3 траўня ў Бялградзе 14-гадовы вучань адкрыў у школе страляніну, у ёй загінулі дзевяць чалавек — восем вучняў і ахоўнік. Падлетак страляў з двух пісталетаў, як мяркуецца, зброя належыць бацьку дзіцяці.
- 4 траўня ў выніку страляніны ў вёсцы Дубона ў гарадзкой абшчыне Младзенавац у Сэрбіі загінулі восем чалавек, сярод іх дзеці. 21-гадовы хлопец пасварыўся зь сябрамі ў двары школы, пасьля чаго пайшоў дадому па аўтамат Калашнікава, вярнуўся і адкрыў агонь, пісалі СМІ.