У кітайскім горадзе Сіань адбыўся саміт «Кітай — Цэнтральная Азія», на якім ухвалілі рашэньне аб стварэньні сталага мэханізму сустрэчы кіраўнікоў Кітаю, Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.
Як паведаміла кітайскае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа, цяпер такія сустрэчы будуць праходзіць раз на два гады па чарзе ў кожнай краіне новай супольнасьці. Наступны саміт ужо заплянаваны на 2025 год у Казахстане, а ў Кітаі будзе створаны сакратарыят арганізацыі.
Гэтай заяве папярэднічалі двухбаковыя сустрэчы кіраўніка Кітаю Сі Цзіньпіна з прэзыдэнтамі Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сі Цзіньпін не павіншаваў Пуціна з 9 траўняЛідэр Кітаю заявіў, што такі фармат дазволіць «паглыбіць стратэгічны ўзаемны давер і заўсёды аказваць дакладную і рашучую падтрымку адзін аднаму ў пытаньнях сувэрэнітэту, незалежнасьці, нацыянальнай годнасьці і доўгатэрміновага разьвіцьця».
Асобна Сі Цзіньпін спыніўся на неабходнасьці супольных намаганьняў для рэалізацыі ініцыятывы ў глябальнай бясьпецы.
Паводле яго, шэсьць краін павінны рашуча выступаць супраць спробаў умяшаньня вонкавых сілаў ва ўнутраныя справы дзяржаў рэгіёну і падбухторваньня да «каляровых рэвалюцый», прытрымлівацца нулявой цярпімасьці да «трох сіл зла» — сэпаратызму, тэрарызму і экстрэмізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе асьцерагаюцца росту ўплыву Кітая пасьля магчымай паразы Расеі ў вайне