Агенцтва цывільнай авіяцыі Грузіі выдала дазвол на палёты з Расеі кампаніі Red Wings. Як паведаміла «Эхо Каваказа», Red Wings будзе выконваць шматразовыя чартэрныя рэйсы Сочы — Тбілісі — Сочы і Масква — Кутаісі— Масква.
«Авіякампанія не знаходзіцца ў чорным сьпісе Эўразьвязу», — заявілі ў агенцтве цывільнай авіяцыі Грузіі.
Украіна ўвяла санкцыі супраць кампаніі Red Wings у 2021 годзе, частка яе самалётаў знаходзіцца пад завочным арыштам за палёты ў Крым.
Red Wings стала трэцяй кампаніяй, якой грузінскія ўлады дазволілі ажыцьцяўляць палёты ў Грузію. Раней такія дазволы атрымалі Georgian Airways і «Азімут».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея аднавіла авіязносіны з Грузіяй і скасавала візавы рэжым. У Тбілісі назвалі гэта правакацыяйПрэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у траўні 2023 году падпісаў указ, згодна зь якім аднаўляюцца авіязносіны з Грузіяй і бязьвізавы рэжым для кароткачасовых паездак грамадзян Грузіі ў Расею.
Адначасова Міністэрства замежных спраў Расеі скасавала свае рэкамэндацыі расейцам не наведваць Грузію.
Прэзыдэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі назвала скасаваньне Расеяй візавага рэжыму для грузінскіх грамадзян «чарговай расейскай правакацыяй».
Грузія разарвала з Расеяй дыпляматычныя дачыненьні ў 2008 годзе, пасьля таго як Расея анэксавала частку тэрыторыі грузінскай дзяржавы.
Візавы рэжым між Расеяй і Грузіяй быў уведзены ў 2012 годзе.
Расея ў чэрвені 2019 году спыніла авіязносіны з Грузіяй, калі там адбываліся антырасейскія пратэсты.