Як паведамляе Bloomberg, Зяленскі нібыта будзе ляцець на вайсковым самалёце ЗША.
The New York Times называе гэта «дзёрзкім падарожжам вакол паўсьвету». Паводле выданьня, яго мэта — гарантаваць, што найбагацейшыя дэмакратыі сьвету будуць працягваць дапамагаць зброяй і іншым. Выданьне таксама мяркуе, што Зяленскі можа сустрэцца сам-насам з Байдэнам.
Саміт G7 у Хірасіме ўжо пачаўся. Пакуль яго ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць ахвяр атамнага бамбаваньня, ва Ўкраіне прагучалі сырэны авіяцыйнай трывогі, з некалькіх гарадоў даносіліся выбухі.
Паездку Зяленскага ў Хірасіму першапачаткова пацьвердзіў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА )Ўкраіны Аляксей Данілаў.
«Там будуць прымаць вельмі важныя рэчы, і таму прысутнасьць нашага прэзыдэнта абсалютна важная для захаваньня нашых інтарэсаў»,— дадаў ён.
Пазьней у апараце РНБА удакладнілі, што Зяленскі выступіць перад самітам онлайн.
Вайна ва Ўкраіне — галоўная тэма трохдзённага саміту G7, які пачынаецца 19 траўня. Чакаецца, што лідэры зробяць сумесную заяву аб падтрымцы Ўкраіны і абнародуюць новыя меры для абмежаваньня магчымасьцяў Расеі фінансаваць і забясьпечваць вайну.
Чаканы візыт Зяленскага стане яго першай паездкай у Азію з таго часу, як Масква пачала поўнамаштабны напад на Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Краіны-сябры G7 — Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты — сярод тых дзяржаў, якія найбольш падтрымліваюць Украіну ва ўмовах расейскай агрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белым доме заявілі, што Ўкраіна будзе ў прыярытэтах парадку дня саміту G7Чаканая паездка Зяленскага ў Азію адбудзецца пасьля яго эўрапейскага турнэ па чатырох краінах, дзе ўкраінскі лідар атрымаў дадатковыя абяцаньні ваеннай падтрымкі.
Міністэрства замежных спраў Японіі 18 траўня паведамляла, што Зяленскі прыме віртуальны ўдзел у нядзельнай сесіі G7 па запрашэньні, атрыманым сёлета ад прэм’ер-міністра Японіі Фуміё Кісіды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне і Расеі падтрымалі візыт лідэраў афрыканскіх дзяржаў зь мірнай ініцыятывай. Яго заплянавалі на чэрвень