17 траўня «Эўрарадыё» з спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла аб затрыманьні былой дэпутаткі і старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім. Аднак афіцыйна гэтай інфармацыі пакуль нідзе не пацьвердзілі.
Паводле інфармацыі «Эўрарадыё», Алену Анісім 18 траўня затрымалі на яе працы ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН).
«Народная воля»датэлефанавалася да дырэктара Інстытута мовазнаўства Ігара Капылова, аднак той зьнікненьне Анісім камэнтаваць ня стаў.
«Можна, я нічога ня буду камэнтаваць? Няхай кампэтэнтныя органы камэнтуюць», — адказаў ён.
У раскладзе працы судоў у адміністрацыйных справах, якія маюцца ў адкрытым доступе, разгляд справы Алены Анісім не пазначаны. Прынамсі, у менскіх раённых судах на 18 траўня, адзначае «Народная воля».
- Алена Анісім — беларуская мовазнаўца, былая старшыня зьліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе Таварыства беларускай мовы.
- У 2016 годзе Алена Анісім была абраная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У якасьці дэпутаткі яна стала сябрам Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі.
- На наступных парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе Алену Анісім і Ганну Канапацкую нават не зарэгістравалі кандыдаткамі ў дэпутаты.
- Анісім адной зь першых заявіла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ад патрыятычных сілаў, але пазьней сказала, што ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі ў іх возьме ўдзел кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.