Сілавікі вырашылі зьнішчыць 25 кніг, канфіскаваных у Дзяніса Івашына
20 траўня будзе 800 дзён, як у зьняволеньні знаходзіцца журналіст Дзяніс Івашын. Ад ягонай жонкі стала вядома, што суд пастанавіў зьнішчыць кнігі, забраныя сілавікамі пры ператрусе.
Гэта кнігі на беларускай, украінскай і расейскай мовах пра войны, палітычныя тэхналёгіі, паўстаньні, прапаганду і падарожжы. Зьнішчэньню падлягае нават «Вайсковы слоўнік».
«ХХІ стагодзьдзе, цэнтар Эўропы, чаму б не пачаць паліць кніжкі», — напісала Вольга Івашына. Жонка палітвязьня прывяла поўны сьпіс літаратуры.
Гаворка ідзе пра кнігі «З невичерпного джерела», «Абэцэда», «Беларускі нацыяналізм», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Вайсковы слоўнік», «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», «О сектантах», «Таталітарызм», «Прапаганда», «Хрышчэньне нацыі», «Беларусь за 10 падарожжаў», «Светапоглядныя асновы дэмакратычнага руху», «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі», «Гібридная война», «Крим за завісою», «Хроника гибридной войны», «Смисли і війни», «Росія: ідентичность агресора», «Вторжение в Украину», «Донбасс в огне», «ОУН і УПА в боротьбі за Українську Державу», «Міжнародний центр протидіі російській пропаганді», «Тенденціі у світі», «Індекс війни».
Журналіста праекту InformNapalm і газэты «Новы час» Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве». Праваабаронцы назвалі прысуд палітычна матываваным. Сярод расьсьледаваньняў Івашына былі і матэрыялы пра колішніх супрацоўнікаў украінскага «Беркуту», якія ўцяклі з Украіны ў Беларусь і паступілі на дзяржаўную службу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Дзянісу Івашыну ў калёніі скарацілі норму атаваркі; Марыя Калесьнікава, магчыма, у ПКТ